Украінская выведка паралізавала лічбавую інфраструктуру Wildberries
- 15.08.2026, 14:03
- 1,404
Парушаная праца кліенцкага сэрвісу і плацёжнай сістэмы.
Кіберспецыялісты «паклалі» лічбавую інфраструктуру расійскага маркетплэйса «Wildberries», парушыўшы працу кліенцкага сэрвісу і плацёжнай сістэмы.
Пра гэта паведамляе Telegram Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны.
Як паведамілі ў ГУР, 10–11 жніўня ў межах аперацыі ў расійскай кіберпрасторы спецыялісты супольнасці Cyber Corps атакавалі лічбавую інфраструктуру кампаніі Wildberries, якая адыгрывае важную ролю ў лагістыцы РФ і фінансаванні вайны супраць Украіны.
Нягледзячы на сур'ёзны ўзровень абароны аб'екта, атака прывяла да маштабных збояў — парушана праца асноўнага дыстанцыйнага канала абслугоўвання кліентаў, часткова дэстабілізавана плацёжная інфраструктура, створана дадатковая нагрузка на кантакт-цэнтры.
Зафіксаваныя масавыя скаргі, у прыватнасці з-за немагчымасці ажыццявіць фінансавыя разлікі.
«Кібераперацыя ўзмацніла эфект кінетычных удараў Сіл абароны Украіны па складах Wildberries — абумовіўшы чарговыя значныя страты кампаніі, што падсілкоўвае эканоміку агрэсара, а значыць — і злачынную вайну супраць Украіны», — адзначылі ў ГУР.
Нагадаем, мінулай ноччу ЗСУ ўдарылі па вялікім складзе Wildberries у 150 км ад Масквы.