Князь Лугвеній Альгердавіч: як Беларусь прырастала Смаленскам і Вязьмой
- 15.08.2026, 14:44
Сын легендарнага Альгерда значна пашырыў рубяжы ВКЛ на ўсходзе.
Лугвеній Альгердавіч, сын вялікага князя літоўскага Альгерда і цвярскай князёўны Ульяны, нарадзіўся прыблізна ў 1355 годзе, пасля хрышчэння атрымаў імя Сямён. Ягонае імя ўпершыню згадваецца ў летапісах у 1379 годзе, калі ён разам з іншымі князямі падпісаў мірную дамову з Тэўтонскім ордэнам. У 1385 годзе Лугвеній Альгердавіч разам са сваім братам Ягайлам і іншымі князямі падпісаў таксама знакамітую Крэўскую ўнію. У 1386 годзе ўдзельнічаў у бітве пад Мсціславам супраць вялікага князя смаленскага Святаслава Іванавіча, піша vklby.com.
З 1389 па 1392 год Лугвеній Альгердавіч быў князем у Вялікім Ноўгарадзе. У гэты перыяд ён тайна ад наўгародцаў прысягнуў Ягайлу як сюзэрэну Ноўгарада. У 1390 годзе спрабаваў далучыць Ноўгарад да Пскова, а ў 1391 годзе пад Арэшкам разбіў ганзейскіх піратаў-вітальераў.
Калі князь вярнуўся ў Літву, атрымаў ад Ягайлы ў кіраванне Мсціслаўскае княства і пачаў весці паспяховыя ваенныя дзеянні на ўсходняй мяжы. У 1396 годзе ён разбіў войскі разанскага князя Алега. Праз шэсць гадоў, у 1402 годзе, зноў разбіў разанцаў пад Любуцкам, узяўшы ў палон князя Радаслава Алегавіча. У наступным, 1403 годзе, узяў Вязьму, праз год — Смаленск і далучыў да ВКЛ Варатынск. Зноў быў запрошаны на княжанне ў Ноўгарад, дзе прабыў да 1412 года, адначасова з’яўляючыся намеснікам вялікага князя літоўскага Вітаўта ў Смаленску.
Каля Мсціслава ў 1407 годзе заснаваў Ануфрыеўскі манастыр, які славіўся перапісваннем кніг і рукапісаў (на сёння на месцы манастыра засталіся толькі руіны).
Разам з наўгародскай дружынай Лугвеній Альгердавіч удзельнічаў у Грунвальдскай бітве ў 1410 годзе. Падчас бою ўзначаліў мсціслаўскую, аршанскую і смаленскую харугвы Літвы. Быў пастаўлены ў цэнтры саюзнага войска паміж палкамі ВКЛ і Польшчы; яго задачай было прыкрыць фланг польскага войска падчас ілжывога адступлення войскаў Літвы. Коштам вялікіх страт у крытычны момант яго харугвы вытрымалі націск крыжакоў і дазволілі польскім войскам перабудавацца і перайсці ў супрацьнаступ.
У 1411 годзе прыняў удзел у падпісанні Торуньскага міру. У гэты ж перыяд абараняў Ноўгарад ад шведскай агрэсіі і заключыў дамову з Ягайлам супраць крыжакоў. Праз інтрыгі маскоўскага княства зноў быў вымушаны пакінуць Ноўгарад і вярнуцца ў Мсціслаў.
У 1430 годзе прыняў удзел у міжусобнай вайне за трон ВКЛ на баку Свідрыгайлы супраць Жыгімонта Кейстутавіча.
Памёр Лугвеній Альгердавіч у 1431 годзе ў Мсціславе, стаўшы родапачынальнікам мсціслаўскіх князёў і пакінуўшы пасля сябе двух сыноў — Юрыя і Яраслава.
17 верасня 2010 года на Замкавай гары ў Мсціславе ў гонар князя Лугвенія Альгердавіча ўсталявалі памятны камень з надпісам «Сямёну Лугвенію Альгердавічу, родапачынальніку князёў мсціслаўскіх, герою Грунвальдскай бітвы, будаўніку праваслаўных святынь»