Паліўны крызіс у РФ выходзіць на новы ўзровень
- Юрый Федарэнка
- 15.08.2026, 7:00
- 2,204
Індыйскі бензін не выратуе.
Усё ідзе па плане: паліўны крызіс на балотах уступае ў новую фазу. Некалькі тыдняў таму расіяне радаваліся скарачэнню чэргаў на запраўках. Але пасля некалькіх удараў Сіл абароны Украіны па аб’ектах ваенна-эканамічнай інфраструктуры праціўніка (пераважна па нафтаперапрацоўчых заводах) усё вярнулася на кругі свая. Востры дэфіцыт бензіну ахапіў як мінімум 16 рэгіёнаў Расіі.
Усяго за суткі паліўны крызіс распаўсюдзіўся яшчэ на некалькі суб’ектаў так званай «расійскай федэрацыі»: Башкартастан, Краснаярскі край і Ліпецкую вобласць. А з пачатку жніўня рэкордныя чэргі зноў пачалі ўтварацца на АЗС у Прыморскім краі, а таксама ў Калужскай, Растоўскай, Тамбоўскай, Тульскай, Саратоўскай, Пензенскай, Варонежскай, Разанскай, Ульянаўскай і Смаленскай абласцях. Гэты спіс можна працягваць — пасля ўчарашніх удараў нашых беспілотнікаў праблемы гарантаваныя ў Арэнбургскай і іншых абласцях.
Мясцовыя чыноўнікі спрабуюць супакоіць насельніцтва: маўляў, крызіс вырашыцца, трэба «крыху пацярпець», дапамога «ўжо ў дарозе». Што гэта можа быць за дапамога? Улады на балотах, падаецца, зрабілі ўжо ўсё, што маглі: знізілі ўсе магчымыя нормы якасці нафтапрадуктаў, вылучылі рэкордныя сумы на паскарэнне рамонтных работ на НПЗ, выграблі запасы паліва ў Беларусі і Казахстане. Апошняя надзея — на марскі імпарт. Гэту «выратавальную саломінку» ў свой час асабіста анансаваў сам «бункерны дзед». Што ж там у іх з марскім імпартам?
Паводле паведамленняў агенцтва Bloomberg, у Расію з Індыі марскім шляхам пачаліся пастаўкі паліва (першая партыя была дастаўлена 5 жніўня). Але тэзіс пра тое, што Індыя вырашыць паліўную праблему, — відавочнае перабольшанне. Пачнём з таго, што на сёння пастаўкі ажыццяўляе толькі адно індыйскае прадпрыемства — Nayara Energy, якое, пры больш пільным разглядзе, аказваецца не такім ужо і індыйскім, бо з’яўляецца часткай карпарацыі «Раснафта».
Акрамя таго, марскі шлях азначае не проста працяглыя, а да смешнага працяглыя тэрміны дастаўкі надзвычай абмежаваных аб’ёмаў, якіх ні ў якім разе не хопіць для пакрыцця дэфіцыту. Уявіце сабе гэты шлях: 18 чэрвеня танкер загрузіўся ў Індыі. У ліпені груз перагрузілі на іншае судна ля берагоў Егіпта, пасля чаго бензін даставілі ў пачатку жніўня ў Расію. Агульны аб’ём — 42 тысячы тон. Шмат гэта ці мала? Для танкера — шмат. Для патрэбаў Расіі (110–120 тысяч тон у суткі) — кропля ў моры.
Выснова: панацэі ад паліўнага крызісу ў Крамля няма. Усе гэтыя меры, калі і даюць эфект, дык толькі часовы. А тым часам назапашваюцца сістэмныя праблемы: зрыў уборкі ўраджаю і пасяўной кампаніі, інфляцыйныя працэсы і праблемы ў банкаўскім сектары. А яшчэ Расія пачынае пагружацца ў маштабны бюджэтны крызіс.
Толькі паводле афіцыйных даных эканамічнага блока ўрада РФ (а гэтыя лічбы заўсёды прыўпрыгожаныя) дзірка ў федэральным бюджэце пастаянна павялічваецца і ўжо цяпер супастаўная з гадавым бюджэтам Масквы. Нягледзячы на высокія цэны на нафту, якія трымаюцца з-за блакады Армузскага праліва, нафтагазавыя даходы агрэсара за сем месяцаў скараціліся на 16,8%. Адна з прычын — грошы ад экспарту нафты ідуць на рамонт НПЗ. Усе астатнія віды даходаў расійскага бюджэту таксама скарачаюцца. Не дапамагае нават узмацненне падатковага ціску.
Усе гэтыя «макраэканамічныя тэндэнцыі» можна звесці да некалькіх слоў: на балотах грошай няма і ўжо не будзе. Праціўнік уступае ў фазу рэсурснага голаду. Гэта яшчэ не калапс, але ўжо прыкметы практычна невылечнай хваробы, якая так ці інакш адаб’ецца на ўсіх сферах, у прыватнасці на ваенных магчымасцях агрэсара. Мы ўпэўнена штурхаем ворага да прорвы і не плануем спыняцца. Працяг будзе. Слава Украіне!
Юрый Федарэнка, «Фэйсбук»