СМІ: Бензін, які Расія набыла ў Індыі і Марока, застряў у порце
7- 14.08.2026, 16:34
- 3,974
Паліва так і не паступіла на ўнутраны рынак.
Вялікія аб’ёмы бензіну, завезеныя ў РФ з Індыі і Марока, так і не выйшлі на ўнутраны рынак. Яны завіслі ў порце расійскага Мурманска з-за супярэчнасцяў паміж пастаўшчыкамі і дзяржаўным рэгулятарам.
Пра гэта паведаміў расійскі партал «ІнфоТЭК», са спасылкай на тры крыніцы ў галіне, перадае Dialog.UA.
Імпартны бензін у РФ быў завезены некалькімі буйнымі нафтавымі кампаніямі. Кошт грузу з улікам складанай лагістыкі аказаўся высокім, а дзяржава патрабуе, каб продажы ажыццяўляліся па цэнах унутранага рынку — удвая танней.
Так, пастаўшчыкі хочуць рэалізаваць індыйскі АІ-92 па 110–130 тыс. рублёў за тону. Дзяржрэгулятар патрабуе, каб цана была менш за 78 тыс. за тону.
Імпарцёры не гатовыя рэалізоўваць бензін па такіх нізкіх цэнах. У выніку тавар завіс у порце без руху. «На сённяшні дзень таргі з базісу ў Мурманскай вобласці так і не пачаліся», — піша расійскае выданне.
А тым часам у РФ паўторна набірае абароты паліўны крызіс. У жніўні Украіна аднавіла ўдары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах, што імгненна адбілася на ўнутраным рынку. Ужо каля 20 рэгіёнаў краіны адчуваюць дэфіцыт паліва, вярнуліся вялікія чэргі на запраўках.