У Рыме ад спёкі хаваюцца пад зямлёй
1- 10.08.2026, 13:10
- 1,808
Пад пластамі 2000-гадовай гісторыі хаваецца яшчэ адзін горад, дзе заўсёды прахалодна.
Рымскае лета звычайна спякотнае і вільготнае, але ў гэтым сезоне тэмпература б'е рэкорды: удзень яна рэгулярна перавышае 39 °C. Як піша The Independent, каб уратавацца ад высокай тэмпературы, турыстам раяць спусціцца пад зямлю.
«У ліпені гістарычны цэнтр Рыма штодня наведвалі ў сярэднім ад 60 да 80 тысяч чалавек. Гэта азначае дзясяткі тысяч турыстаў, якія літаральна пацеюць у чэргах каля Калізея», — гаворыцца ў артыкуле Элізабет Хіт.
Адзначаецца, што любы пуцяводнік параіць у спякоту зайсці ў касцёл — і гэта сапраўды працуе: мармуровая падлога, высокія столі і тоўстыя сцены дапамагаюць захоўваць прахалоду. Але калі вы сапраўды хочаце ўратавацца ад рымскай спякоты, варта спусціцца пад зямлю.
Пад касцёламі, вуліцамі і пластамі 2000-гадовай гісторыі існуе яшчэ адзін Рым, дзе заўсёды прахалодна. Маюцца на ўвазе падземныя археалагічныя помнікі, дзе тэмпература на працягу года застаецца камфортнай, а месцамі апускаецца да 10 °C — незалежна ад таго, наколькі горача на паверхні.
Дарэчы, прахалода — толькі дадатковая падстава наведаць гэтыя мясціны. Пяць падземных помнікаў, прадстаўленых ніжэй, належаць да ліку найцікавейшых у Рыме. У многіх з іх можна літаральна ўбачыць, якім быў горад у тыя часы, калі яго лічылі caput mundi — сталіцай антычнага свету.
Domus Aurea — Залаты дом Нерона
У сярэдзіне чэрвеня ўжо было вельмі горача, калі аўтарка разам з турыстамі чакала ў невялікай цені сваёй чаргі на ўваход у Domus Aurea. Калі з’явілася экскурсаводка, апранутая ў пухавік, шалік і шапку, здалося, што яна перабольшвае. Але прыкладна праз 40 хвілін экскурсіі стала зразумела, навошта ёй такая вопратка. Доўгія рукавы аказаліся вельмі дарэчы.
Часткова раскопаныя астаткі велізарнага палаца імператара Нерона апынуліся пад зямлёй з-за старажытнарымскай практыкі damnatio memoriae — спробы сцерці з гісторыі і памяці згадкі пра нежаданых людзей.
Пасля смерці Нерона ў 68 годзе нашай эры яго палац, які калісьці займаў да 300 акраў, засыпалі мільёнамі тон будаўнічага смецця. На працягу 14 стагоддзяў пра яго фактычна забыліся.
Сёння экскурсіі дазваляюць убачыць лабірынт злучаных паміж сабой памяшканняў, у многіх з якіх захаваліся фрагменты фрэсак, мармуру і мазаік. Асабліва ўражвае віртуальная рэальнасць, якая дазваляе ўбачыць палац у надзвычай рэалістычным выглядзе.
Мінус у тым, што славутасць адкрыта толькі з пятніцы па нядзелю. Квіткі хутка раскупляюць адразу пасля пачатку продажаў, таму іх варта набываць загадзя, піша Хіт.

Раскопкі базілікі Сан-Клементэ
За некалькі хвілін хады ад турыстаў, што пакутуюць ад спякоты каля Калізея, размешчана базіліка Сан-Клементэ. Магчыма, менавіта яна ў Рыме найлепш дэманструе, як на працягу стагоддзяў розныя пласты горада накладваліся адзін на адзін, а старыя пабудовы выкарыстоўваліся нанова.
Пад базілікай XII стагоддзя знаходзіцца раньнехрысціянская царква IV стагоддзя, а яшчэ ніжэй — жылы дом I стагоддзя нашай эры і мітрэум — пячорны храм, прысвечаны ўсходняму бажаству Мітры.
Пад зямлёй дагэтуль цячэ вада па старажытным канале, ствараючы асаблівую атмасферу цёмнага і загадкавага месца.
Уваход у верхнюю базіліку бясплатны, а для наведвання археалагічнай часткі неабходна набыць квіток.

Domus Romane у палацы Валентіні
Аўтарка называе гэты падземны археалагічны помнік адным са сваіх улюбёных і прызнаецца, што амаль не хоча рэкамендаваць яго шырокай публіцы, каб ён не стаў занадта папулярным.
Domus Romane размешчаныя на глыбіні сямі метраў пад палацам Валентіні XIX стагоддзя. Уваход знаходзіцца недалёка ад калоны Траяна.
Гэта адзін з найбольш добра захаваных археалагічных помнікаў Рыма. Наведвальнікі ідуць па шкляной падлозе і глядзяць на руіны ўнізе. Святлавыя праекцыі паказваюць, як выглядалі патрыцыянскія домы ў перыяд росквіту: падлогі з мазаікі і мармуру, сцены з фрэскамі і нават басейн.
Паколькі гэтая славутасць не такая вядомая, як размешчаныя побач Калізей і Рымскі форум, пакуль што тут яшчэ можна без асаблівых цяжкасцяў забраніраваць экскурсію на канкрэтны час.
Калі будзе магчымасць, варта выбраць экскурсію, у праграму якой уваходзіць прэзентацыя пра калону Траяна.
Катакомбы Апіевай дарогі
Па-за межамі Аўрэліянавых муроў, уздоўж Via Appia Antica — Старой Апіевай дарогі — размешчаныя некалькі раньнехрысціянскіх пахавальных комплексаў. Іх высеклі на некалькіх узроўнях у вулканічным туфе.
Сярод іх — катакомбы Сан-Каліста, Сан-Себасцьяна і Даміцылы. Катакомбы Сан-Каліста — найбольшыя, але менавіта сюды часта прыязджаюць турыстычныя аўтобусы, таму там можа быць больш за ўсё людзей. Экскурсія ў Сан-Себасцьяна праходзіць на большай глыбіні, а ў катакомбах Даміцылы захаваліся добра прыкметныя фрэскі. Ва ўсіх трох комплексах тэмпература трымаецца прыкладна на ўзроўні 15 °C.
Катакомбы маюць розныя дні закрыцця на працягу тыдня, таму перад паездкай варта праверыць актуальны расклад працы.

Ватыканскія гроты
Пад галоўнай падлогай базілікі святога Пятра размешчаныя скляпеністыя падземныя памяшканні, дзе пахаваныя дзясяткі папаў, пераважна з X па XVI стагоддзе. Па рымскіх мерках гэта амаль сучасная гісторыя.
Тым не менш, спуск пад галоўную базіліку дазваляе адчуць маштаб і старажытнасць гэтага месца. Тут, у прыватнасці, знаходзіцца пазалочаны манумент над месцам пахавання святога Пятра.
Іншыя саркафагі розняцца — ад строгіх і стрыманых да раскошна аздобленых.
У Ватыканскія гроты можна трапіць знутры базілікі — каля апоры справа ад балдахіна Берніні. Варта шукаць указальнікі з надпісам «Tombe dei Papi» («Грабніцы папаў»). Як і ў саму базіліку святога Пятра, уваход у гроты бясплатны.