Лукашэнка «ляпіць» новыя бязглуздыя ідэі
4- Сяргей Кавальчук, «Салідарнасць»
- 1.08.2026, 14:25
- 4,594
Гісторыя з ваенкамамі ў палях атрымала развіццё і працяг.
Паступовы пераход рыторыкі галоўнакамандуючага ад «абы не было вайны» да «мы рыхтуемся да вайны» нараджае гротэскныя карціны ўспрымання рэчаіснасці. Перш за ўсё — у яго самога.
Спачатку ўсе здзівіліся таму, што у палі былі накіраваныя... ваенкомы, якія азнаёміліся з тым, як коласіцца трыцікале і які ўмалот у гаспадарках. Смех і недаўменне выклікала з'яўленне вайскоўцаў на калгасных угоддзях. Можа, нехта ўспрыняў словазлучэнне «бітва за ўраджай» занадта літаральна?
Аднак днямі гісторыя атрымала развіццё і працяг: галоўны спецыяліст па ўсіх пытаннях чарговы раз занепакоіўся становішчам спраў у сельскай гаспадарцы. Для парушальнікаў працоўнай дысцыпліны і тых, хто не выконвае сваіх службовых абавязкаў, прапанаваны новы падыход: «усіх, хто не ўмее працаваць, — у армію і на паўднёвую мяжу. У лес. Там нашы хлопцы, Сілы спецыяльных аперацый, па маім загадзе рассредаткаваны ўздоўж украінскай мяжы. Тыдзень падрыхтоўкі — гранатамёт, кулямёт — і туды, у распараджэнне Сіл спецыяльных аперацый».
То-бок, калі чалавек не спраўляецца з абавязкамі і дрэнна працуе, яго трэба адправіць у армію? Немагчыма сур'ёзна ўспрымаць словы пра тыднёвую падрыхтоўку, якая нібыта зраўняе ўзровень валодання зброяй з узроўнем байцоў спецназа, хаця не выключана, што ў нас і спецназ такі ж, як і ўсё астатняе.
Але, акрамя відавочнай абсурднасці і непрымянімасці на практыцы чарговай прымхі Лукашэнкі, сітуацыя адкрывае яшчэ адзін важны аспект.
«Нерадлівых, праштрафленых работнікаў, нясуноў, п'яніц, дармаедаў і лянівых» прапануюць накіроўваць у армію ў якасці пакарання. А гэта азначае, што замест стварэння наратываў і кантэксту, у якім абарона Радзімы ад агрэсара з'яўляецца пачэснай і грамадска карыснай справай, у свядомасць людзей уводзіцца думка, што армія — гэта такая форма турмы. Прычым, з улікам таго, каго туды прапануюць адпраўляць, месца, насычанае найменш баяздольнымі элементамі.
Зразумела, што ў галаве Лукашэнкі, магчыма, ёсць бачанне, што ўсялякія «асацыяльныя элементы» будуць перавыхаваныя на трывожных паўднёвых межах краіны, але цяжка ўявіць, як менавіта спецназаўцы мусяць перавыхоўваць «нерадлівых і праштрафленых». Ні інструментарыя, ні кампетэнцый, ні разумення ў іх дакладна няма. Ды і сам падыход выглядае як фантазія з савецкіх фільмаў сталінскага перыяду, дзе калектыў сваім цудатворным уздзеяннем выпраўляе і п'яніц, і дармаедаў, і лянівых.
Адзным словам, замест таго, каб павышаць прэстыж ваеннай службы, раз ужо ты так баішся ўварвання «бандэраўцаў» і НАТА, узяты курс на фармаванне іміджу арміі як месца высылкі і пакарання. Як гэта можа ўзмацніць абараназдольнасць краіны — загадка.
Але ўсё становіцца на свае месцы, калі ўспомніць, што галоўным ворагам і праціўнікам сённяшняга рэжыму з'яўляецца свабодны і здарова думаючы грамадзянін Беларусі.
Унутраны вораг не дае спакою дыктатуры, і для яго запалохвання, а таксама для падбадзёрвання сваіх прыхільнікаў ствараюцца ўсе гэтыя страшылкі і бязглуздыя ідэі. Праўда, з прычыны сваёй абсурднасці яны мала каго пужаюць. А наконт таго, наколькі яны падбадзёрваюць, таксама складана сказаць.
Прыхільнікі дзейнай улады, падаецца, гатовыя апладзіраваць нават самым экзатычным задумам рэжыму. Аднак нешта падказвае, што такая падтрымка далёкая ад шчырасці.
Сяргей Кавальчук, «Салідарнасць»