Расію скаваў страх
3- 1.08.2026, 14:17
- 2,492
Узровень трывожнасці расіян дасягнуў максімуму.
Частка расіян, якія лічаць, што сярод іх родных, сяброў і калег пераважаюць трывожныя настроі, дасягнула максімуму амаль за чатыры гады, вынікае з апытання Фонду «Грамадская думка» (ФОМ). За тыдзень з 24 па 29 ліпеня гэты паказчык вырас з 53% да 57%, тады як спакойным настрой свайго атачэння назвалі толькі 37% апытаных супраць 40% тыднем раней. Больш высокі ўзровень трывожнасці (70%) фіксаваўся толькі восенню 2022 года — пасля абвяшчэння мабілізацыі, піша The Moscow Times.
Павелічэнне паказчыка працягваецца з красавіка. У канцы сакавіка спакойны настрой пераважаў над трывожным (51% супраць 40%). У асобным апытанні пра галоўныя падзеі тыдня 43% расіян узгадалі вайну супраць Украіны. З іх 18% казалі пра абстрэлы расійскіх тэрыторый, пераважна пра «беспілотнікі ў Падольску, Дамадзедаве, Чэхаве» і «выбуху Цюменскага НПЗ». 10% вылучылі ўдары Узброеных Сіл Украіны па складах Wildberries. Яшчэ 8% расіян назвалі сярод хвалюючых тэм дэфіцыт і падаражанне паліва. Пры гэтым ФОМ напрамую гэтыя адказы з ростам трывожнасці не звязвае.
Палітолаг Кацярына Шульман адзначыла, што паказчыкі наблізіліся да значэнняў восені 2022 года, нягледзячы на традыцыйна спакойны летні сезон адпачынкаў. «На рэкорд ідзём», — напісала яна. Палітолаг Ілля Грашчэнкаў патлумачыў рост трывожнасці тым, што «інфармацыйная павестка практычна цалкам складаецца з негатыўных падзей».
За мінулы тыдзень улады як мінімум чатыры разы выказваліся наконт чутак пра падрыхтоўку новай мабілізацыі. 24 ліпеня член камітэта па абароне Андрэй Калеснік сказаў, што гаворкі пра новы масавы прымусовы прызыў «не ідзе», бо шэрагі кантрактнікаў і так папаўняюцца. 27 ліпеня падобную заяву зрабіў кіраўнік таго ж камітэта Андрэй Картапалаў, а праз дзень — ягоны калега, генерал-лейтэнант запасу Віктар Сабалеў.
Тэму мабілізацыі таксама ўзняў намеснік старшыні Савета бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў. Ён назваў такія паведамленні «пургой», адзначыўшы, што такім чынам «ворагі» Расіі спрабуюць дэстабілізаваць сітуацыю і справакаваць рост негатыўных настрояў у краіне. Пры гэтым Мядзведзеў прызнаў падзенне тэмпаў набору кантрактнікаў на вайну.
Паводле даных крыніц «Версткі», расійскія ўлады могуць увесці ваеннае становішча і абвясціць мабілізацыю пасля вераснёўскіх выбараў у Дзярждуму. Мабілізацыю ў Расіі таксама не выключалі еўрапейскія чыноўнікі, абгрунтоўваючы гэта высокімі стратамі арміі Пуціна на фронце, якія да ліпеня дасягнулі 1,4 млн чалавек.