Яхту Пуціна вывелі на ваенную базу Паўночнага флоту
2- 8.07.2026, 20:09
- 1,982
Дыктатар РФ спрабуе ўратаваць судна ад атакі ўкраінскіх беспілотнікаў.
Яхта Graceful, якую ўлады ЗША звязваюць з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным, была перабазаваная з Балтыйскага мора ў гавань Севераморска — галоўную базу Паўночнага флоту Расіі. Пра гэта паведамляе дацкая тэлерадыёкампанія DR, якая прааналізавала спадарожнікавыя здымкі і навігацыйныя дадзеныя MarineTraffic. Як сцвярджае выданне, у чэрвені 2026 года судна ўпершыню з жніўня 2022 года ўключыла сістэму аўтаматычнай ідэнтыфікацыі AIS. У якасці пункта прызначэння быў пазначаны Стамбул, але замест яго пасля пераходу праз Балтыйскае і Паўночнае моры яхта прыбыла ў закрытую ваенную гавань у Мурманскай вобласці, перадае The Moscow Times.
Падчас пераходу праз дацкія воды яхту суправаджалі расійскі эсмінец і судна праекта «Воевода». За канвоем таксама назіралі нямецкая берагавая ахова і дацкі флот. Пасля праходу ўздоўж узбярэжжа Нарвегіі Graceful і «Воевода» адключылі транспондары. 4 ліпеня «Воевода» ненадоўга зноў перадаў каардынаты каля 70 км ад Севераморска. На спадарожнікавым здымку ад 5 ліпеня DR выявіла ля прычала вайсковай базы два судны, якія з высокай верагоднасцю з'яўляюцца Graceful і «Воеводай».

Старшы навуковы супрацоўнік Датскага інстытута міжнародных даследаванняў Флемінг Сплідсбёль Хансен лічыць, што яхту перабазавалі з балтыйскага рэгіёна з-за ўзрослай пагрозы ўкраінскіх далёкабійных беспілотнікаў. «Мы бачылі ўдары беспілотнікаў у глыбіні расійскай тэрыторыі, а таксама на ўзбярэжжы Балтыйскага мора», — адзначыў ён.
Graceful даўжынёй больш за 80 метраў таксама вядомая пад назвай «Касатка». Яе кошт ацэньваецца прыкладна ў $100 млн. Судна знаходзіцца пад амерыканскімі санкцыямі. Перад пачаткам вайны Расіі і Украіны карабель праходзіў рамонт на нямецкай верфі ў Гамбургу і пакінуў яе 7 лютага 2022 года — за 17 дзён да пачатку вайны. Пасля гэтага Graceful практычна не пакідала Балтыку.

Мінулага тыдня Расію таксама пакінула 71-метровая яхта Victoria, якую цэнтр «Дасье» таксама звязваў з Пуціным. Паводле дадзеных MarineTraffic, судна выйшла з Краснадарскага краю, прайшло праз Басфор і накіравалася да турэцкага курорта Бодрум. Victoria і Graceful былі пабудаваныя на заводзе «Севмаш». Кошт Victoria ацэньваецца ў $50 млн.
З Пуціным даследчыкі звязваюць дзевяць яхт. Сярод іх — Graceful, Victoria, а таксама 54-метровая «Чайка», 46-метровая Shellest, 37-метровая Aldoga, 32-метровая Nega, 57-метровая Olympia, 38-метровая Orion і 140-метровая Scheherazade.
