Беларускія фабрыкі прадставілі навагоднія падарункі
2- 8.07.2026, 14:46
- 1,212
Нечакана для ліпеня.
Пакуль беларусы ідуць у летнія адпачынкі, буйныя кандытарскія фабрыкі ўжо рыхтуюцца да Новага года. «Спартак» і «Камунарка» на пачатку ліпеня прадставілі новую лінейку святочных падарункаў.
Фабрыка «Спартак» у гэтым годзе прапануе пакупнікам салодкія падарункі вагой ад 300 грамаў да 3 кілаграмаў з рознымі варыянтамі начыння і ўпакоўкі, паведамляюць «Гомельскія ведамасці».
На фабрыцы адзначылі, што перагледзелі цэнавую палітыку: базавы прайс знізілі на 15−25%, пры гэтым для заказчыкаў захавалі сістэму зніжак пры перадаплаце.

У склад падарункаў увайшлі не толькі салодкасці «Спартака», але і прадукцыя іншых беларускіх вытворцаў — «Красного пищевика» і «Красного мозырянина».
«Гэта ўзаемавыгадны праект: партнёры таксама ўключаюць вырабы гомельскай фабрыкі ў свае падарункавыя фонды», — распавялі на прадпрыемстве.
Сярод навінак — адвэнт-каляндары вагой 230 і 400 грамаў з ячэйкамі для салодкасцяў і калекцыйнымі міні-сюрпрызамі. Акрамя таго, на ўпакоўках з’явіліся QR-коды, якія дазваляюць ажыўляць выявы з дапамогай смартфона.
Тым часам каталог навагодняй прадукцыі прадставіла і фабрыка «Камунарка». У ім — дзясяткі варыянтаў падарункаў вагой ад 260 грамаў да 3 кілаграмаў. Найбольш даступныя наборы вагой 300 грамаў каштуюць 7,20 рубля, скрынкі па 500 грамаў — 13,20 рубля, падарункі вагой 700−1000 грамаў — ад 15,60 да 28,80 рубля. Наборы вагой 1,5 кілаграма абыдуцца ў 42−96 рублёў, двухкілаграмовыя — у 58,80−60 рублёў, а трохкілаграмовы падарунак «Шчаўкун» ацанілі ў 82,80 рубля.