Вялікі санаторый пад Мінскам прадаецца па цане дачы
1- 8.07.2026, 8:58
- 1,158
Фота: et.butb.by
Таргі запланаваныя на 30 ліпеня.
Непадалёк ад Мінска па цане добраўпарадкаванай дачы прадаецца велізарны санаторый. Лот выставілі на таргі на сайце Беларускай універсальнай таварнай біржы «БУТБ-Имущество», заўважыла «Камсамолка».
Ідзе гаворка пра недабудаваны двухкарпусны санаторый у вёсцы Новае Поле прыкладна ў 30 кіламетрах ад Мінска.
Недабудаваны санаторый складаецца з галоўнага і спальнага карпусаў. Плошча галоўнага корпуса — 6700 квадратных метраў, спальнага — 2100 «квадратаў».

Будоўля спынілася ў дзевяностыя гады мінулага стагоддзя з-за недахопу фінансавання. Зараз комплекс знаходзіцца на балансе Горанскага сельвыканкама.
Візуальна галоўны корпус нагадвае трохпрамянёвую зорку. У ім павінны былі размяшчацца басейн, зона для СПА, медкабінеты. Ступень яго гатоўнасці на дадзены момант — 51%. У ўзведзеным на 69% спальным карпусе павінны былі быць нумары для адпачывальнікаў.
Акрамя аб’ектаў нерухомасці санаторый прадаецца разам з зямельным участкам плошчай каля чатырох гектараў з арэндай на 30 гадоў.
Кошт лота — 204 тысячы беларускіх рублёў. Прыблізна столькі будзе каштаваць добраўпарадкаваная дача ў якім-небудзь садовым таварыстве ў гэтых аколіцах.
Таргі запланаваныя на 30 ліпеня.