Беларуская мытня спыніла ўвоз буйной партыі тавараў з Расіі
- 5.07.2026, 6:50
- 1,574
Груз везлі без дакументаў.
Буйную партыю «замежных тавараў народнага спажывання», што паступілі на тэрыторыю ЕАЭС «мінаючы мытнае афармленне», выявілі магілёўскія мытнікі.
Паводле інфармацыі Дзяржаўнага мытнага камітэта, у межах «спецыяльных мерапрыемстваў» пры ўездзе ў Беларусь з Расіі быў правераны аўтамабіль DAF беларускай кампаніі-перавозчыка. Грузавік перавозіў 88,5 тыс. адзінак тавараў (адзенне, абутак, скураная галантарэя, чахлы для мабільных тэлефонаў і інш.) коштам больш за 4 млн рублёў (каля 1,4 млн долараў).
Адзначаецца, што ў кіроўцы не было неабходных транспартных і грузасуправаджальных дакументаў на «тавар, які планавалася далей рэалізаваць на тэрыторыі Беларусі».
У дачыненні да юрыдычнай асобы распачаты адміністрацыйны працэс па арт. 13.12 КаАП (парушэнне парадку набыцця, захоўвання, выкарыстання ў вытворчасці, транспарціроўкі, адпуску і рэалізацыі тавараў). Санкцыя па гэтым артыкуле для індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб — штраф да 50% вартасці «прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, сумы выручкі, атрыманай ад рэалізацыі тавараў».
