У Маскве затрымалі топ-менеджара «Газпрома»
1- 30.07.2026, 17:25
- 1,368
Нібыта за хабар у 50 млн рублёў.
Супрацоўнікі ФСБ Расіі раніцай 30 ліпеня затрымалі намесніка генеральнага дырэктара «Газпром энергохолдинга» па карпаратыўнай абароне Ігара Маісеенка. Як паведаміў «Коммерсант», затрыманне адбылося ў межах расследавання крымінальнай справы аб атрыманні хабару ў 50 млн рублёў. Следства плануе звярнуцца ў суд з хадайніцтвам аб абранні меры стрымання. Абвінавачанне кваліфікуецца па частцы 6 артыкула 290 КК РФ — атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры. Артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў.
ООО «Газпром энергохолдинг» з'яўляецца даччынай структурай ПАО «Газпром» і найбуйнейшым у Расіі ўладальнікам электраэнергетычных актываў. У склад групы ўваходзяць 77 электрастанцый з агульнай усталяванай магутнасцю каля 36 ГВт.
Гэта не першая крымінальная справа ў дачыненні да кіраўнікоў структур «Газпрома» за апошнія гады. Вясной 2026 года МУС паведаміла пра расследаванне крымінальнай справы аб крадзяжы больш за 8 млрд рублёў пры будаўніцтве Цэнтра мастацкай гімнастыкі Аліны Кабаевай, які фінансавалі праз кампанію «Газпром инвестгазификация». Паводле версіі следства, у перыяд з 2016 па май 2019 года ўдзельнікі схемы стваралі бачнасць выканання работ і кралі выдзеленыя сродкі. Па справе праходзяць 13 абвінавачаных. Сярод іх — былы член праўлення ПАО «Газпром» Алена Міхайлава і былы намеснік гендырэктара «Газпром межрегионгаз» Анатоль Еркулаў. Меркаваны арганізатар схемы арыштаваны, некалькі фігурантаў абвешчаныя ў міжнародны вышук.
Працягваецца расследаванне ў дачыненні да намесніка старшыні кампаніі «Газпромнефть» Антона Джалябова. 27 лютага 2026 года МУС паведаміла пра яго затрыманне па падазрэнні ў атрыманні хабароў на 30 млн рублёў. Паводле версіі следства, у 2021–2022 гадах Джалябоў быў дырэктарам філіяла «Газпром инвест» і атрымліваў хабары ад падрадных арганізацый за заключэнне кантрактаў і агульнае пакроўніцтва. Яму перадалі кватэру ў Сочы, маторную лодку і іншую маёмасць.
У 2025 годзе Генпракуратура падала пазоў да былога члена праўлення «Газпрома» Кірыла Селязнёва і былога гендырэктара ООО «Газпром энерго» Аляксея Мітюшава. Паводле версіі ведамства, яны арганізавалі вывад з ООО «Газпром нефтехим Салават» не менш як 150 млрд рублёў. Мітюшаў схаваўся за мяжой, а з Селязнёвым былі заключаныя пагадненні аб урэгуляванні. Генпракуратура звярнула ў даход дзяржавы сем падкантрольных ім прадпрыемстваў хімічнага комплексу коштам 31,5 млрд рублёў.