Расія нанесла ракетны ўдар па парку забаў пад Адэсай
3- 18.07.2026, 20:59
- 6,000
Ёсць загінулыя, пад заваламі шукаюць людзей.
18 ліпеня ўдзень расіяне нанеслі ракетныя ўдары па жыллёвым сектары і грамадзянскай інфраструктуры Адэскай вобласці. Ёсць загінулыя і пацярпелыя. Пра гэта паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Алег Кіпер.
Паводле ягоных слоў, у выніку трапляння варожай ракеты па тэрыторыі парку забаў разбураныя рыбацкія дамкі, пашкоджана 6 легкавых аўтамабіляў.
«Паводле папярэдніх звестак, на жаль, загінулі два чалавекі, яшчэ чацвёра пацярпелі, сярод іх — дзіця. Пад заваламі яшчэ могуць знаходзіцца людзі. Працягваецца пошукава-выратавальная аперацыя», — распавёў чыноўнік.
Ён адзначыў, што ў іншым населеным пункце ў выніку абстрэлу пашкоджаныя жылы дом і два легкавыя аўтамабілі. Пацярпеў адзін чалавек.
«На месцах здарэнняў працуюць усе адпаведныя службы. Інфармацыя пра наступствы ўдакладняецца», — дадаў Кіпер.