Лукашэнка зноў уключыў рэтранслятары?
28- 15.07.2026, 18:21
- 21,928
Сёння імі маглі скарыстацца расіяне для ўдару па АЗС пад Жытомірам.
Не выключана, што рэтранслятары ў Беларусі, у якіх вельмі зацікаўленыя расіяне для навядзення «Шахедаў», час ад часу выкарыстоўваюцца для атак на Украіну. Такое меркаванне выказаў дарадца міністра абароны Украіны Сяргей (Флэш) Бескрэстноў у сваім тэлеграм-канале.
Паводле яго слоў, сёння ў 7:11 кіраваны рэактыўны «Шахед» атакаваў АЗС у Маліне ў Жытомірскай вобласці. Як адзначае спецыяліст, паводле даных украінскіх радыёлакацыйных станцый, дрон праляцеў уздоўж мяжы з Беларуссю, даляцеў да Каростэня проста над трасай. Пасля разгарнуўся і паляцеў проста над чыгункай да Маліна, дзе і атакаваў аўтазаправачную станцыю.
«Такія паводзіны ўласцівыя ручному кіраванню БПЛА па камеры. Адлегласць ад пункта атакі да межаў РФ складае 260 кіламетраў. Гэта занадта далёка для працы прамога радыёканала. Іншых «Шахедаў» (магчымых рэтранслятараў) у гэты час у паветры не было. Канчатковыя высновы зробяць профільныя службы і падраздзяленні пасля дэталёвага вывучэння сітуацыі», – адзначыў Флэш.
Ён дадае, што ворагу вельмі патрэбна і важна атакаваць заходнюю частку Украіны «Шахедамі» з анлайн-кіраваннем, але без рэтранслятараў на тэрыторыі Беларусі яны гэтага зрабіць не могуць.
Нагадаем, Уладзімір Зяленскі у пятніцу, 19 чэрвеня, запатрабаваў ад рэжыму Лукашэнкі на працягу тыдня прыбраць рэтранслятары дронаў, якія знаходзяцца ў прыгранічных раёнах Беларусі і якія Расія выкарыстоўвае для каардынацыі атак па ўкраінскай тэрыторыі.
«Ён можа гэта зняць? Думаю, яму хопіць тыдня, каб гэта зрабіць. Калі ён гэтага не зробіць, гэта зробім мы», — заявіў ён.
24 чэрвеня Зяленскі заявіў, што рэтранслятары спынілі працу. Паводле яго слоў, пакуль невядома, ці былі гэтыя сістэмы дэмантаваныя.
29 чэрвеня галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Украіны Аляксандр Сырскі заявіў, што рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі яшчэ не прыбралі. Паводле яго слоў, 29 чэрвеня адзін з іх часова ўключалі.