24 жнiўня 2026, панядзелак, 10:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Жырыноўскага спусцілі з лесвіцы ў Мінску

10
Як Жырыноўскага спусцілі з лесвіцы ў Мінску
Уладзімір Жырыноўскі

Да гэтага прыклаў руку беларускі дыпламат Пётр Садоўскі.

Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання Сяргей Навумчык, узгадваючы беларускага дыпламата, першага пасла Беларусі ў Германіі Пятра Садоўскага, які пайшоў з жыцця 6 ліпеня, распавёў гісторыю пра тое, як у 1991 годзе расійскі палітык Уладзімір Жырыноўскі у Мінску ляцеў праз некалькі прыступак, не паспеючы чапляцца рукамі за гранітныя сцены Дома ўрада.

Лідар ЛДПР спрабаваў без запрашэння прарвацца да кабінета старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча. Нягледзячы на просьбы Сяргея Навумчыка пакінуць будынак, расійскі палітык працягваў спрабаваць трапіць да Шушкевіча:

– Давялося ўзяць яго за шматкі і вытурнуць за дзверы калідора – туды, дзе была лесвіца. Жырыноўскі выкруціўся і паспрабаваў зноў праціснуцца ў калідор, – распавёў Навумчык.

І тут з’явіўся старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета па міжнародных справах і знешнеэканамічных сувязях Пётр Садоўскі, якога яшчэ раней па тэлефоне выклікаў міліцыянер.

Паводле слоў Навумчыка, дыпламат папрасіў Жырыноўскага пакінуць памяшканне, назваўшы яго нават словам «таварыш» – «Таварыш Жырыноўскі!». Але ў адказ пачуў непалітычную лексыку.

«Падонак ты мне, а не таварыш, паскуда такая!» – закрычаў Жырыноўскі.

– Мгненна ў філолагу і будучым першым беларускім паслом у Германіі прачнуўся былы курсант сувораўскага вучылішча, – узгадвае Сяргей Навумчык. – Садоўскі ўжыў прыём, які літаральна ўціснуў Жырыноўскага ў дзверы. Я зноў вытурнуў незванага госця ў калідор, на лесвіцу. І мы ўжо ўдваіх надалі целу лідара расійскай партыі такое паскарэнне, якое, згодна з законамі фізікі, перанесла Жырыноўскага на некалькі метраў ніжэй.

Лесвіца ў Доме ўрада абгінала ліфт, таму нам давялося некалькі разоў паўтарыць працэдуру (для тых, хто ўбачыць у нашых дзеяннях парушэнне спартыўнай этыкі (два на аднаго), скажу, што побач з Жырыноўскім быў кіраўнік яго партыйнага аддзялення, але ён жвава збег па лесвіцы сам).

Спусканне Жырыноўскага па лесвіцы працягвалася да першага паверха і суправаджалася яго лаянкай і пагрозамі – так, мне ён абяцаў «павесіць на слупе і дзесяць, не, пятнаццаць дзён не дазваляць нікому, нават жонцы, здымаць са слупа труп».

Як адзначыў дэпутат, міліцыянеры на крыкі Жырыноўскага рэагавалі са смехам.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках