12 лiпеня 2026, Нядзеля, 19:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗША зноў наносяць удары па Іране, Армузскі праліў закрыты

10
ЗША зноў наносяць удары па Іране, Армузскі праліў закрыты

КВІР атакаваў грамадзянскае судна.

Амерыканскія вайскоўцы ў ноч на нядзелю, 12 ліпеня, пачалі наносіць трэцюю за тыдзень хвалю ўдараў па Іране. Пра гэта паведаміла ў сацсетцы X Цэнтральнае камандаванне войскаў ЗША (CENTCOM). Іранскі дзяржаўны тэлеканал Press TV паведаміў пра працу СПА ў Тэгеране і пра гукі выбухаў у гарадах Сірык, Конарак, Чабахар, Джаск і Бандар-Абас, піша «Нямецкая хваля».

У CENTCOM заявілі, што новая хваля ўдараў стала адказам на напад іранскага Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР) на кантэйнерны карабель GFS Galaxy, які праходзіў праз Армузскі праліў пад кіпрскім сцягам. Адзін член экіпажа грамадзянскага судна лічыцца зніклым без вестак, а кантэйнерны карабель не можа працягваць плаванне з-за пажару на борце і значных пашкоджанняў у машынным аддзяленні, указалі амерыканскія вайскоўцы.

«Ірану была дадзена яшчэ адна магчымасць прадэманстраваць выкананне Мемарандума аб узаемаразуменні пасля таго, як ён быў прыцягнуты да адказу за папярэднія напады на гандлёвыя судны, але ён зноў не справіўся з гэтай задачай, — гаворыцца ў допісе CENTCOM. — У адказ на гэта Злучаныя Штаты наносяць Ірану сур'ёзную шкоду, працягваючы аслабляць яго здольнасць нападаць на грамадзянскіх маракоў і гандлёвыя судны, што свабодна праходзяць праз праліў».

Міністр абароны ЗША Піт Хегсет сфармуляваў тую ж думку карацей. «Іран зрабіў няправільны выбар. Цяпер яны за гэта плацяць», — перадае яго словы агенцтва Associated Press.

Армузскі праліў зноў закрыты

У Корпусе вартавых Ісламскай рэвалюцыі заявілі, што зрабілі папераджальныя стрэлы па судне ў Армузскім праліве, паколькі яно рухалася не па зацверджаным Іранам маршруце. «На жаль, адно судна, якое паставіла пад пагрозу марскую бяспеку, адключыўшы свае сістэмы, было паражана папераджальным стрэлам і спынена», — гаворыцца ў заяве ваенна-марскіх сіл КВІР.

Іранскі бок таксама заявіў, што Армузскі праліў застанецца закрытым да далейшага паведамлення і «да спынення інтэрвенцыі ЗША ў рэгіёне». У КВІР таксама пагразілі новымі абстрэламі баз войскаў Злучаных Штатаў на Блізкім Усходзе ў выпадку, калі амерыканскія ўдары па Іране працягнуцца.

Да пачатку вайны ЗША і Ізраіля з Іранам праз Армузскі праліў праходзіла каля 20 працэнтаў сусветнага гандлю нафтай.

Парушанае перамір'е

17 чэрвеня ЗША і Іран падпісалі рамкавае пагадненне, якое прадугледжвала спыненне баявых дзеянняў і разблакаванне стратэгічна важнай акваторыі. Аднак 25 чэрвеня іранскія вайскоўцы атакавалі з дапамогай дрона-камікадзэ ў Армузскім праліве грамадзянскі танкер, і на наступны дзень у адказ амерыканцы нанеслі па Ісламскай Рэспубліцы ўдары. З таго часу гэта паўтарылася яшчэ некалькі разоў, прычым пад іранскія абстрэлы трапілі суседнія Бахрэйн і Кувейт. Амерыканскія вайскоўцы кожны раз паведамлялі, што атакавалі ў Іране ваенныя мэты, такія як радары і сховішчы ракет і беспілотнікаў.

8 ліпеня, выступаючы на саміце НАТА ў Анкары, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што мемарандум аб узаемаразуменні з Іранам больш не дзейнічае. Кіраўнік Белага дома назваў іранскіх лідараў «злымі, хворымі людзьмі», з якімі мець справу — «марнаванне часу». Трамп дадаў, што не будзе весці перамовы з Тэгеранам, аднак дазволіць сваім перамоўшчыкам працягнуць іх, калі яны гэтага пажадаюць. ЗША аднавілі нафтовыя санкцыі супраць Ірана.

11 ліпеня Reuters паведаміла, што іранскія чыноўнікі на закрытых перамовах са ЗША ўсклалі адказнасць за новыя ўдары па суднах у Армузскім праліве на «непадкантрольныя элементы сістэмы». «Яны сказалі нам: “Мы праваліліся. Мы зрабілі памылку. Давайце гаварыць”», — заявіў агенцтву крыніца ў Вашынгтоне.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках