Лешэк Шарэпка: Для Беларусі ўсё можа хутка змяніцца
6- 9.06.2026, 14:23
- 10,944
Экс-пасол Польшчы ў Мінску распавёў, якая падзея можа запусціць змены ў нашай краіне.
Лешэк Шарэпка — гісторык, дыпламат і пісьменнік, былы пасол Польшчы ў Беларусі. Ён добра ведае, як уладкаваны рэжым Лукашэнкі, а ў сваім палітычным трылеры «Беларускі снайпер» паказаў Беларусь як краіну, дзе ўлада пабудаваная на страху, лаяльнасці і гвалце.
Сайт Charter97.org пагутарыў з Лешэкам Шарэпкам не толькі пра яго кнігу, але і пра ўзаемаадносіны дзвюх краін, сітуацыю ў рэгіёне і магчымыя перамены ў Беларусі.
— Ваша кніга «Беларускі снайпер» — гэта палітычны трылер пра рэжым Лукашэнкі, а таксама пра зніклых беларускіх палітыкаў, якіх забілі па загадзе дыктатара. Што вы можаце распавесці пра гэту кнігу? Наколькі яна актуальная сёння?
— Я думаю, што яна вельмі актуальная. Яна будзе актуальная, пакуль пры ўладзе будзе Лукашэнка, таму што яна дакладна апісвае ўсе метады працы гэтай сістэмы, якую ён стварыў больш за 30 гадоў таму. Вядома, гэтая сістэма не адразу была такой, як цяпер, але яна рухалася ў пэўным напрамку — усё больш у бок аўтарытарызму і таталітарызму. Ну а ў будучыні гэтая кніга будзе ўрокам для людзей, якія жывуць у Беларусі: на каго трэба рабіць стаўку.

— Вызваленне Анджэя Пачабута стала важнай падзеяй для Польшчы і Беларусі. Ці можна лічыць гэта сігналам пра магчымыя змены ў палітыцы Варшавы ў дачыненні да Мінска, ці рэжым Лукашэнкі проста спрабуе выкарыстоўваць палітвязняў як інструмент торгу?
— Тут асаблівы выпадак, таму што калі раней Лукашэнка выпускаў палітвязняў, у яго былі нейкія ўмовы, напрыклад, каб яны не пакідалі Беларусь. На гэты раз быў абмен, просты абмен — чалавек за чалавека. Калі вы памятаеце, там сярод людзей, якія таксама атрымалі свабоду з польскага боку, быў намеснік начальніка службы бяспекі Малдовы. Такая яскравая постаць вельмі высока знаходзілася ў сістэме ўлады Малдовы, таму я думаю, што Лукашэнка атрымаў добрую аплату за тое, што Анджэй на волі.
У Польшчы заўсёды была і ёсць такая група, фракцыя, якая вельмі ўважліва сочыць за сігналамі Лукашэнкі, і калі ім здаецца, што ён зрабіў нейкі сяброўскі знак у дачыненні да Польшчы, то яны заўсёды кажуць, што «трэба пачынаць размовы, трэба спрабаваць дамовіцца з Лукашэнкам». Гэта цягнецца ўжо больш за 30 гадоў, вынік мы бачым, але я не думаю, што тут што-небудзь зменіцца ў гэтым сэнсе.
— Усё часцей гучаць папярэджанні пра магчымую расійскую атаку на краіны Балтыі, прычым Беларусь можа быць выкарыстана як адзін з плацдармаў. Наколькі сур’ёзная гэта пагроза і ці гатовая Польшча да такога развіцця падзей?
— Магчыма, я вас здзіўлю, але думаю, што Пуцін цяпер ставіць свечкі ў царкве, каб ніякай вайны не было. У тым сэнсе, каб яна не распаўсюдзілася на іншыя краіны, тым больш на краіны НАТА. Калі краіна не ў стане справіцца з адным праціўнікам, бо расейцы ўвязлі ўжо больш як на чатыры гады ва Украіне, відаць, што гэтая вайна можа доўжыцца яшчэ доўга, відаць, што цяпер яны страцілі тыя свае перавагі, якія мелі напачатку, то які сэнс пачынаць вайну на нейкіх іншых напрамках?
Я магу гэта ўявіць толькі ў тым выпадку, калі, напрыклад, Пуцін ужо зусім сышоў з розуму і падумаў, што ў яго няма выхаду, і трэба паставіць усё на адну карту. Можа быць, але я не думаю, што гэта прынясе яму нейкі поспех, і што ён пераможа, гэта немагчыма. Думаю, ён цяпер спрабуе цягнуць час і знайсці нейкі выхад з гэтай вайны, якую ён развязаў у 2022 годзе, спрабуе выцягнуць для сябе максімальную карысць з гэтай вайны. Але я вельмі здзівіўся б, калі б гэта пайшло па іншым сцэнарыі.
— У вас ёсць кніга пра Украіну — «Украінскі гамбіт», дзеянне якой адбываецца падчас Майдану. Вы даўно сочыце за падзеямі ў гэтай краіне. Як, на ваш погляд, скончыцца вайна ва Украіне? Ці можа параза Расіі на фронце запусціць працэс пераменаў у самой краіне?
— Год таму я выдаў кніжку, якая называецца «Ад Белавежскай пушчы да Крыму». Яна пра знешнюю палітыку Украіны да 2014 года. Я думаю, што яна больш пасуе да гэтай сітуацыі, чым названая вамі кніга з жанру political fiction.
Я думаю, што нават найлепшыя прарокі не да канца ведаюць, чым скончыцца расійска-ўкраінская вайна. Але відаць, што яна можа яшчэ доўга цягнуцца. Калі яна скончыцца паразай Пуціна (а я думаю, што гэта цалкам магчыма пры ўмове, што Захад крыху больш актыўна да яе падключыцца), то гэта быў бы канец не толькі Пуціна, але і ўсёй сістэмы, якую ён усталяваў у Расіі больш як 20 гадоў таму. І гэта, напэўна, таксама ўплывала б на Беларусь у пазітыўным сэнсе.
— Як вы сёння бачыце магчымасць вызвалення Беларусі ад дыктатуры Лукашэнкі? Што можа змяніць сітуацыю ўнутры краіны, улічваючы вайну ва Украіне, поўную залежнасць рэжыму ад Крамля і той факт, што Беларусь фактычна аказалася ўцягнутай у расійскую агрэсію.
— Шчыра кажучы, я не бачу магчымасці цяпер вырашыць праблему мірным шляхам. Мірным, напэўна, не атрымаецца да таго часу, пакуль у Расіі будзе Пуцін і ён будзе весці вайну супраць Украіны. Калі нехта вядзе вайну, яму вельмі важна, каб дзесьці на флангах, ззаду быў парадак і спакой. Таму Расія ні ў якім разе не дапусціць, каб без яе згоды што-небудзь памянялася ў Беларусі.
Яны могуць думаць пра тое, каб памяняць Лукашэнку на кагосьці іншага, але я заўсёды кажу, што ёсць такая прыказка: коней на пераправе не мяняюць. Мірнага шляху я не бачу. Памятаеце, якая была мабілізацыя шэсць гадоў таму пасля выбараў? На вуліцы выходзілі сотні тысяч людзей. І ўсё роўна не атрымалася.
Але цяпер час памяняўся. З аднаго боку, Расія больш занятая тым, каб кантраляваць Беларусь, але ў Лукашэнкі ёсць нейкае поле для манеўру. Не ведаю, наколькі ён гэта выкарыстоўвае, ці здолее выкарыстаць. З іншага боку, сотні тысяч людзей пакінулі Беларусь — самых актыўных, найбольш празаходніх. Гэта крыху негатыўна паўплывала на тэндэнцыі ў самой Беларусі.
Цяпер умовы горшыя, чым было шэсць гадоў таму. Але цяпер ідзе вайна, а, вы ведаеце, вайна мае сваю дынаміку, усё можа хутка памяняцца. А калі памяняецца, можа быць так, што памяняецца ў добры для вас бок, і будзе магчымасць гэтым скарыстацца.