У Крамлі заклікалі расіян не чакаць адмены санкцый і вяртання да даваеннага жыцця
6- 4.06.2026, 14:45
- 3,432
Грамадзянаў РФ «парадаваў» намеснік кіраўніка адміністрацыі Пуціна.
Расіянам не варта чакаць адмены заходніх санкцый і вяртання да даваеннага ўкладу жыцця, заявіў намеснік кіраўніка адміністрацыі Пуціна Максім Арэшкін. «Не трэба чакаць, што вернецца нешта старое, што будуць адменены санкцыі заходніх краін ці яшчэ нешта. Тыя змены, якія адбываюцца, маюць фундаментальны глабальны характар. Свет, які быў 20 гадоў таму, яго ўжо не існуе і ніколі не будзе», — сказаў Арэшкін на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме (ПМЭФ).
Пры гэтым ён падкрэсліў, што санкцыі Захаду «не звязаныя з нейкімі канкрэтнымі падзеямі» і заклікаў не рэагаваць на ўвядзенне новых абмежаванняў, а апярэджваць іх. «Трэба ўжо адыходзіць ад гэтай выключна абароннай мадэлі. Насамрэч, па вялікім рахунку, мы ўжо ў многім ад яе адышлі», — сказаў Арэшкін. Для гэтага, паводле яго слоў, расійскаму бізнесу «неабходна актыўна развівацца на ўнутранай пляцоўцы» і выходзіць на рынкі іншых краін. Прадстаўнік Крамля таксама папярэдзіў, што баланс паміж «абаронай» і «атакай» у адказе на санкцыі будзе ўсё больш зрушвацца ў наступальны бок. На гэтым фоне Арэшкін параіў «глядзець наперад больш аптымістычна і больш гаварыць пра магчымасці», паколькі «ў эканоміцы Расіі правалаў няма».