Якой павінна быць тэмпература на працоўным месцы беларусаў
1- 29.06.2026, 10:15
- 1,324
У спёку наймальнік павінен забяспечыць супрацоўнікаў вадой і месцам для адпачынку.
Наступ спёкі — добрая нагода нагадаць пра выкананне тэмпературнага рэжыму. Тым больш, што канкрэтныя ўказанні прапісаныя у санітарных нормах, адзначаюць у Мінпрацы.
У памятцы гаворыцца, што пры сядзячай працы з нязначнымі фізічнымі нагрузкамі (офісныя супрацоўнікі, медыкі, праграмісты і іншыя) тэмпература ў памяшканні павінна быць +25,1...+28°C.
Кантралёрам, майстрам вытворчасці, аграномам, гідам, прадаўцам, мытнікам, міліцыянерам, чыя праца звязаная з пэўнымі фізічнымі нагрузкамі, лепш працаваць пры тэмпературы +24,1...+28°C.
Калі праца звязаная з пастаяннай хадзьбой і пэўнай фізічнай нагрузкай (наладчыкі, станочнікі, прадаўцы харчовых тавараў, кіроўцы бульдозераў, раслінаводы, рыбаводы і іншыя), аптымальны тэмпературны рэжым — +22,1...+27°C.
З умеранымі фізічнымі нагрузкамі, як у работнікаў будаўнічай галіны, жывёлаводаў, зваршчыкаў, чыгуначнікаў, дарожнікаў, працаваць можна пры тэмпературы +21,1...+27°C.
Пры пастаянным перамяшчэнні цяжараў і значных фізічных намаганнях трэба выконваць тэмпературны рэжым у межах +20,1...+26°C. Гэта датычыцца кавалёў, сельскагаспадарчых работнікаў, вальшчыкаў лесу, бетоншчыкаў, муляроў, грузчыкаў і іншых.
Абавязкі наймальніка
Калі ў офісе горача, наймальнік абавязаны арганізаваць кандыцыянаванне паветра або паставіць вентылятары. Пры неабходнасці трэба прымяняць сродкі індывідуальнай абароны, а пры выбары спецвопраткі аддаваць перавагу паветрапранікальным і гіграскапічным тканінам.
Акрамя выканання тэмпературнага рэжыму ў спёку, супрацоўнікаў трэба забяспечыць пітной вадой і прадаставіць месца для адпачынку.
Таксама ў Мінпрацы напомнілі наймальнікам, што неабходна прадугледзець невялікія перапынкі для адпачынку (5–10 хвілін). Іх варта ўключаць у працоўны час, не замяняючы імі абедзенны перапынак.