Z-філосаф заклікаў Крэмль спыніць вайну
7- 29.06.2026, 8:59
- 5,384
Паводле яго меркавання, Расія знаходзіцца на парозе катастрофы.
Расійскі Z-філосаф, прыхільнік вайны Барыс Межуеў, нечакана заклікаў Крэмль спыніць так званую «СВА», пакуль не стала занадта позна. Паводле яго меркавання, Расія знаходзіцца на парозе катастрофы.
Гучную заяву ён зрабіў у эфіры дзяржаўнага радыё «Камсамольская праўда», як заўважыў «Дыялог».
Межуеў заклікаў да перамір’я, пакуль Расія не пачала актыўна страчваць захопленыя тэрыторыі Украіны і пакуль у найбуйнейшых гарадах РФ не разгарэлася гуманітарная катастрофа.
«На мой погляд, варта ўсё ж такі перагледзець нашыя адносіны да мэтаў нашай „ваеннай аперацыі“ і пайсці на, можа, менш ганаровае, як у нас кажуць, пахабнае, але перамір’е, якое абяцае нам захаванне нашых тэрытарыяльных набыццяў… Гэта запатрабуе ад нас прызнання існавання Украіны ў тым выглядзе, у якім яна цяпер, на жаль, існуе. Прынамсі, на час. Мы цяпер стаім фактычна перад цывілізацыйнай катастрофай. Ідзе гаворка пра зыход людзей з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Екацярынбурга… То, можа, усё ж такі перагледзець пытанні пра Славянск, Краматорск і пра іншыя населеныя пункты, якія нам так патрэбныя для дасягнення перамогі? Я разумею, што гэта непрыемна… Можа, каб прадухіліць эсхаталогію (канец свету — рэд.), усё ж такі спачатку пайсці на нейкія больш умераныя крокі?» — заявіў Межуеў.
Ён назваў «бессэнсоўнымі» размовы пра летняе наступленне Узброеных Сіл РФ, бо, паводле яго меркавання, шанцаў на захоп усяго Данбаса практычна няма.
«Зараз, мне здаецца, пакуль ёсць такая магчымасць (а яна пакуль ёсць), лепш вырашыць гэтую праблему замарожваннем канфлікту, а не чакаць, што мы гэтым летам здзейснім нейкія, можа быць, паспяховыя наступальныя дзеянні, калі яны будуць паспяховымі. За гэты час я не ведаю, што застанецца ад Крыма. Як бы нам ні было непрыемна з гэтым згаджацца, мне здаецца, што гэта рэальны шанец пазбегнуць горшага», — канстатаваў Z-філосаф.