25 чэрвеня 2026, Чацвер, 16:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-намеснік дырэктара разведкі Малдовы перадаваў КДБ імёны румынскіх разведчыкаў

2
Экс-намеснік дырэктара разведкі Малдовы перадаваў КДБ імёны румынскіх разведчыкаў
Аляксандру Балан

Апошняя аперацыя Балана прайшла ў Будапешце ў красавіку 2025 года.

Экс-намеснік дырэктара малдаўскай разведкі Аляксандру Балан перадаваў КДБ імёны румынскіх разведчыкаў. Ён ведаў асобы як мінімум сямі супрацоўнікаў румынскай службы разведкі, якія дзейнічалі пад прыкрыццём, паведамляе малдаўская служба «Радыё Свабода».

Апошняя аперацыя Балана прайшла ў Будапешце ў красавіку 2025 года. Тады ж у Венгрыю прыбылі тры супрацоўнікі КДБ — Уладзімір Варажбітаў, Уладзімір Ермак і Мікалай Дукшта. Іх імёны фігуруюць у крымінальнай справе Балана.

«Першыя двое маюць дыпламатычныя пашпарты, а трэці быў акрэдытаваны на пасадзе «саветніка» ў пасольстве Беларусі ў Празе і ў лістападзе 2024 года афіцыйна абвешчаны прадстаўніком беларускага КДБ», — адзначае «Радыё Свабода». Раней паведамлялася, што ў верасні 2025-га Чэхія выслала беларускага дыпламата — мяркуецца, што гэта быў Дукшта.

9 красавіка супрацоўнікі КДБ прыбылі да комплексу, дзе жыў Балан, але ўнутр зайшоў толькі Варажбітаў. Ён заставаўся ў будынку амаль 11 гадзін. У той дзень Балан атрымаў на тэлефон 512 паведамленняў у Telegram, Signal, WhatsApp і Facebook. Свой мабільны тэлефон Балан уключыў толькі каля поўначы і адправіў у Signal паведамленне кантакту Prod — у ім быў толькі эмодзі.

У наступныя дні Балан 36 разоў падключаўся ў Будапешце да публічнага Wi-Fi, хоць меў мабільны інтэрнэт.

Пасля сустрэч з супрацоўнікамі КДБ ён абмяняў у абменніку спачатку 1500 еўра, а праз некалькі дзён — яшчэ 1400 еўра і вылецеў у Брусель. Афіцэры КДБ накіраваліся з Венгрыі ў Аўстрыю.

Пасля арышту Балана сярод яго файлаў знайшлі, у тым ліку, дакумент «Супрацоўнікі SRI 2013» з фотаздымкамі сямі супрацоўнікаў SRI пад прыкрыццём. Іх імёны не пазначаныя, але з судовых матэрыялаў вынікае, што Балан ведаў іх асобы.

Балана ў красавіку 2026-га перадалі ў Беларусь у межах абмену, калі ў Польшчу перадалі Анджэя Пачобута.

Як адзначае newsmaker.md, 23 чэрвеня прэзідэнт Малдовы Мая Санду пазбавіла Балана малдаўскага грамадзянства.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках