Карбалевіч: Калі моцна ціснуць, Лукашэнка разумее пагрозу
2- 25.06.2026, 15:30
- 1,796
Гатовы і прабачэння папрасіць, і рэтранслятары нейтралізаваць.
Рэтранслятары па патрабаванні Уладзіміра Зяленскага перасталі працаваць. Аднак раней, як вядома, украінскі бок без папярэджанняў выводзіў іх з ладу.
Для чаго цяпер Кіеў вырашыў вынесці гэтае пытанне ў публічную плоскасць і ці атрымаўся чаканы вынік.
Палітычны аналітык «Радыё Свабода» Валер Карбалевіч лічыць, што гісторыя з ультыматумам прадэманстравала вельмі важны момант, які датычыцца пазіцыі Лукашэнкі. Сваім меркаваннем ён падзяліўся з «Філінам».
— Увогуле прэтэнзіі, якія ўкраінскі бок выказаў у адрас Беларусі, не новыя, — удакладняе Валер Карбалевіч. — Пра рэтранслятары Зяленскі казаў і ў лютым.
Пра тое, што Беларусь пастаўляе Расіі прадукцыю ВПК, было вядома з самага пачатку вайны. І паліва яна пастаўляла ў РФ увесь час, а за апошні месяц аб’ёмы паставак павялічыліся ў сувязі з паліўным крызісам у самой Расіі. То-бок нічога кардынальна новага ў беларуска-украінскіх адносінах не адбылося.
Але змянілася рыторыка ўкраінскага кіраўніцтва. Украіна, можна сказаць, перайшла да палітычнага, дыпламатычнага, псіхалагічнага наступу на Беларусь, бо адчула і ўласную сілу, і ўразлівасць нашай краіны пасля таго, як украінскія дроны пачалі актыўна дзейнічаць на тэрыторыі Расіі, знішчаючы важныя стратэгічныя аб’екты.
Украіна ўбачыла, што Беларусь наогул безабаронная. І сам Лукашэнка пра гэта сказаў у інтэрв’ю тэлеканалу «Аль-Арабія»: «Беларусь ва ўкраінскіх вайскоўцаў як на далоні».
І самае галоўнае, што Расія не зможа прыйсці на дапамогу, таму што яна не можа абараніць сябе. У той жа час Беларусь геаграфічна бліжэй да Украіны, ды і сістэма СПА ў яе, напэўна, не такая шчыльная.
Таму Украіна, спрабуючы аслабіць галоўнага саюзніка Расіі ў вайне, пачала паводзіць сябе значна больш актыўна, з пазіцыі сілы.
Гэтым тлумачыцца і ўзмацненне рыторыкі, і пагрозы, уключна з пагрозамі асабіста Лукашэнку, і паварот у бок супрацоўніцтва з беларускай апазіцыяй. Сюды ўпісваецца і ультыматум з рэтранслятарамі.
Са свайго боку беларускія ўлады вырашылі не пагаршаць сітуацыю і сапраўды прыпынілі дзейнасць гэтай апаратуры. Незразумела, ці то яны іх зусім дэмантавалі, ці то проста нейтралізавалі на нейкі час. Але ў любым выпадку на ультыматум адрэагавалі.
Я б яшчэ звярнуў увагу на рыторыку беларускіх генералаў — і міністра абароны Хрэніна, і сакратара Савета бяспекі Вольфовіча.
Абодва заяўляюць, што Беларусь не зацікаўленая ў вайне, што яна хоча міру — наогул такі міралюбны тон. Мне здаецца, гэта важна, таму што нібыта склалася ўстойлівая думка, што калі на Лукашэнку ціснуць, ён ніколі не саступае, заўсёды ідзе на канфлікт, на абвастрэнне сітуацыі, ён баіцца здацца слабым.
Але высветлілася, што пытанне ў тым, як ціснуць. Калі ціснуць моцна, калі ён разумее пагрозу, то ён гатовы і прабачэння папрасіць у Зяленскага, і рэтранслятары нейтралізаваць. Бо разумее, чым гэта пагражае.
Для заходніх палітыкаў важны ўрок гэтай гісторыі ў тым, што калі на Лукашэнку сур’ёзна ціснуць, то ён саступае. У яго ёсць інстынкт самазахавання, ён не ідзе на рызыку абвастрэння ў момант, калі яму гэта пагражае сур’ёзнымі непрыемнасцямі.