Суд забараніў жонцы прэм'ер-міністра Іспаніі пакідаць краіну
1- 20.06.2026, 20:17
- 1,298
Бегонья Гомес праходзіць па справе аб карупцыі.
Жонцы прэм'ер-міністра Іспаніі Педра Санчэса, Бегоні Гомес, забаранілі выязджаць з краіны ў межах падрыхтоўкі да судовага разбіральніцтва па справе аб карупцыі.
Пра гэта паведаміла выданне Politico.
Паводле рашэння суддзі, вынесенага ў суботу, Гомес павінна з'яўляцца ў суд двойчы на месяц. Такая мера закліканая прадухіліць рызыку ўцёкаў да вынясення прысуду.
У гэтай справе, у якой таксама фігуруюць як абвінавачаныя дарадца Гомес Крысціна Альварэс і бізнесмен Хуан Карлас Баррабэс, ідзе гаворка пра абвінавачанні ў карупцыі, крадзяжы, незаконным прысваенні сродкаў і злоўжыванні ўплывам.
Дата пачатку гэтага палітычна адчувальнага судовага працэсу, які дадаецца да шэрагу скандалаў, што закранаюць урад Педра Санчэса, пакуль не вызначаная.
Прадстаўнік іспанскага ўрада, якога цытуюць іспанскія газеты El País і El Confidencial, заявіў, што ў суботнім рашэнні прысутнічае «адценак пераследу, зацыкленасці і несувымернасці з боку суддзі, які правёў расследаванне, пазбаўленае якога-небудзь юрыдычнага сэнсу і заснаванае выключна на палітычных матывах».
Выданне El País ахарактарызавала рашэнне суддзі Хуана Карласа Пэйнада як «беспрэцэдэнтны крок у найноўшай дэмакратычнай гісторыі Іспаніі».
19 чэрвеня суд у Іспаніі пачаў новае расследаванне ў дачыненні да Бегоні Гомес па справе аб меркаваных злоўжываннях службовым становішчам і махлярстве, звязаным са сродкамі ЕС.
Новае расследаванне ў дачыненні да Гомес узмацняе ціск на Санчэса, бо вакол яго найбліжэйшага атачэння набіраюць абароты карупцыйныя скандалы, а апазіцыя заклікае прэм'ера сысці ў адстаўку.