Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat аднавіла працу пасля хакерскай атакі
- 20.06.2026, 3:59
Каго падазраюць у нападзе.
Інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat аднавіла працу пасля хакерскай атакі. Там расказалі, каго падазраюць у нападзе на сховішча літаратуры.
«Пасля атакі ў набліжаных да беларускіх сілавікоў тэлеграм-каналах з’явіліся публікацыі са скрыншотамі нашай адмінкі. Таму мы маем усе падставы лічыць, што атака была часткай палітычнага ціску на незалежную беларускую культурную інфраструктуру, а стаяць за ёй беларускія карныя службы», — заявілі ў інтэрнэт-бібліятэцы.
Там таксама адзначылі, што ў рукі беларускіх сілавікоў маглі трапіць даныя аб уліковых запісах карыстальнікаў старой версіі сайта.
«Атака прымусіла нас зрабіць высновы. Мы звярнуліся да надзейных спецыялістаў, якія пагадзіліся дапамагчы, за што мы ім вельмі ўдзячныя», — гаворыцца ў паведамленні Kamunikat.
Там таксама тлумачаць, што збор літаратуры ўдалося аднавіць амаль да таго стану, які быў да атакі. Назаўсёды страчаныя ў асноўным ілюстрацыі да старых навінаў.
Нагадаем, пра хакерскую атаку на Kamunikat стала вядома 7 мая. Як заяўлялася, яна знішчыла 25-гадовую працу многіх людзей.