Паўночная Карэя прыбрала з канстытуцыі згадку пра аб’яднанне з Поўднем
7- 6.05.2026, 19:44
- 3,394
Эксперты лічаць гэтыя змены пазітыўнымі.
КНДР унесла змены ў канстытуцыю: з дакумента зніклі згадкі пра аб’яднанне з Паўднёвай Карэяй. Акрамя таго, Пхеньян упершыню абазначыў тэрытарыяльныя межы краіны, праўда, не згадваючы, дзе менавіта праходзіць мяжа з Паўднёвай Карэяй. Эксперты лічаць гэтыя змены пазітыўнымі.
Што змянілася
У новай версіі канстытуцыі — 168 артыкулаў, падзеленых на сем раздзелаў, піша BBC са спасылкай на NK News.
Артыкул 2 упершыню ў гісторыі пазначае тэрытарыяльныя межы дзяржавы: КНДР мяжуе з Кітайскай Народнай Рэспублікай і Расіяй на поўначы і з Рэспублікай Карэя на поўдні. Як адзначаецца ў дакуменце, Пхеньян «ні пры якіх абставінах не пацерпіць пасяганняў на сваю тэрыторыю».
Праўда, канстытуцыя не ўдакладняе, дзе менавіта праходзіць мяжа з Паўднёвай Карэяй: калі сухапутная мяжа не аспрэчваецца ні Пхеньянам, ні Сеулам, то марская мяжа выклікае пытанні. Дэ-факта яна праходзіць па Паўночнай лініі размежавання ў Жоўтым моры, але яшчэ ў 2024 годзе лідар КНДР Кім Чэн Ын казаў, што не прызнае такога падзелу.
Іншая важная змена — гэта адмаўленне ад згадвання аб’яднання з Паўднёвай Карэяй. У папярэдняй версіі канстытуцыі артыкул 9 абвяшчаў, што КНДР імкнецца «аб’яднаць краіну, грунтуючыся на прынцыпах незалежнасці, мірнага аб’яднання і вялікага нацыянальнага адзінства».
Цяпер гэты артыкул з канстытуцыі прыбралі; зніклі з яе і згадкі пра дасягненні і мэты былых правадыроў — Кіма Ір Сена і Кіма Чэн Іра. Менавіта з імі звязвалася аб’яднанне народу ў адной дзяржаве.
У папярэдняй версіі канстытуцыі старшыня Дзяржаўнага савета КНДР (гэту пасаду займае Кім Чэн Ын) называўся вярхоўным лідарам, які прадстаўляе дзяржаву, адзначае Reuters, аднак цяпер у дакуменце ён абазначаны як кіраўнік дзяржавы. Канстытуцыя ўпершыню афіцыйна ставіць кіраўніка дзяржавы вышэй за Вярхоўны народны савет, піша Yonhap.
Канстытуцыя апісвае КНДР як «адказную ядзерную дзяржаву» (так было і ў папярэднім варыянце) і называе старшыню Дзяржсавета галоўнакамандуючым ядзернымі сіламі (гэта — новаўвядзенне).
Яшчэ адна змена ў канстытуцыі — згадванне паўночнакарэйскіх салдат, якія ўдзельнічалі ў «вайсковых аперацыях за мяжой».
Як адзначае NK News, гэта падкрэслівае, наколькі важны вайсковы саюз Паўночнай Карэі з Расіяй: адзіная замежная «вайсковая аперацыя», у якой удзельнічалі паўночнакарэйцы, — гэта вайна Расіі з Украінай.
Гісторыя пытання
Пра змены ў паўночнакарэйскай канстытуцыі паведаміла на прэс-канферэнцыі паўднекарэйскае Міністэрства аб’яднання. Як адзначае NK News, дакумент журналістам паказаў прафесар Лі Чон Чхоль з Нацыянальнага ўніверсітэта Сеула. Як тэкст канстытуцыі трапіў у яго распараджэнне, невядома; NK News не змагло незалежна пацвердзіць яго аўтэнтычнасць.
Змены ў канстытуцыю, найбольш верагодна, былі ўнесеныя ў сакавіку на пасяджэнні Вярхоўнага народнага сходу КНДР.
Першая канстытуцыя КНДР была прынята ў верасні 1948-га; у яе ўносіліся папраўкі пяць разоў. У 1972 годзе Пхеньян прыняў новую — сацыялістычную — канстытуцыю. Яе змянялі 12 разоў. Новы варыянт, прыняты ў сакавіку, не змяшчае слова «сацыялістычная» ў назве, адзначае Yonhap.
КНДР і Рэспубліка Карэя фармальна застаюцца ў стане вайны: Карэйская вайна завяршылася ў 1953 годзе перамір’ем, а не паўнавартаснай мірнай дамовай.
Ацэнкі экспертаў
Прафесар Лі Чон Чхоль на прэс-канферэнцыі сказаў, што новая канстытуцыя сведчыць пра жаданне Пхеньяна праецыраваць вобраз «нармальнай» дзяржавы. Спецыяліст па КНДР пазітыўна ацаніў змены, адзначыўшы, што яны могуць стаць асновай «мірнага суіснавання» з Сеулам.
«Прыбраўшы згадкі аб’яднання, Паўночная Карэя, відаць, замацавала, што больш не прэтэндуе на тэрыторыю Паўднёвай Карэі», — пракаментаваў AFP Ян Му Чын, ганаровы прафесар Універсітэта даследаванняў Паўночнай Карэі ў Сеуле.
У адказ на гэта Пхеньян «чакае, што Паўднёвая Карэя не будзе пасягаць на тэрыторыю Паўночнай», — сказаў ён.
Запрошаны прафесар універсітэта Донгук Ан Чон Сік у каментары для NK News выказаў здагадку, што Пхеньян свядома не стаў пазначаць марскую мяжу з Паўднёвай Карэяй, каб пазбегнуць магчымага канфлікту. «Калі б мяжа была замацаваная ў канстытуцыі, дзяржава была б абавязаная дзейнічаць і змагацца, каб абараніць гэтую тэрыторыю», — патлумачыў ён.