У Беларусі з'явіцца новая спецыяльнасць
2- 6.05.2026, 11:54
- 4,738
Яе будуць навучаць у Гомелі.
Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны ў гэтым годзе запускае новую спецыяльнасць «турызм і гасціннасць», паведамляе БелТА. Для рэгіёна гэта фактычна новы накірунак — паводле слоў рэктара Сяргея Хахомава, ніводзін універсітэт Гомельскай вобласці раней не рыхтаваў такіх спецыялістаў.
Рашэнне звязана з павышанай увагай дзяржавы да турыстычнай галіны.
Навучанне па новай спецыяльнасці будзе праходзіць на геолага-геаграфічным факультэце, у дзённай форме і працягнецца чатыры гады.
Праграма арыентаваная на практыку: студэнтам будуць выкладаць як базавыя дысцыпліны, так і сучасныя кірункі. Сярод іх — менеджмент у турызме, праца турагенцтваў і тураператараў, маркетынг і экскурсазнаўства.
Таксама курс уключае вывучэнне брэнд-менеджменту, рэкламы і PR, стартап-тэхналогій, прадпрымальніцтва, крэатыўных індустрый і арт-менеджменту.