Маскоўскі НПЗ спыніў працу пасля атакі ўкраінскіх дронаў
- 20.05.2026, 0:14
Ён лічыцца адным з ключавых аб’ектаў, якія забяспечваюць пастаўкі паліва ў Маскву і рэгіён.
Пасля атакі беспілотніка ў раёне Маскоўскага нафтаперапрацоўчага завода прадпрыемства часова спыніла перапрацоўку нафты з меркаванняў бяспекі.
Аб гэтым паведамляе Reuters.
Маскоўскі нафтаперапрацоўчы завод спыніў перапрацоўку нафты пасля атакі ўкраінскага беспілотніка, якая адбылася ў выхадныя, 17 мая.
Па словах крыніцы, ўдар не прывёў да крытычных пашкоджанняў тэхналагічнага абсталявання, аднак працу прадпрыемства вырашылі часова спыніць для зніжэння магчымых рызык.
У выданні адзначаюць, што аднаўленне поўнавартаснай працы завода можа заняць некалькі дзён.
Мясцовыя ўлады раней паведамлялі пра падзенне беспілотніка каля тэрыторыі аб’екта. Мэр Масквы Сяргей Сабянін заявіў, што ў выніку атакі пацярпелі 12 чалавек.
«Па папярэдніх даных, у выніку ўдару пацярпелі дванаццаць чалавек, пераважна будаўнікі каля ўваходных варот завода. Асноўная тэхналогія нафтаперапрацоўчага завода застаецца непашкоджанай», — заявіў Сабянін.
Маскоўскі нафтаперапрацоўчы завод размешчаны на паўднёва-ўсходзе расійскай сталіцы і лічыцца адным з ключавых аб’ектаў, якія забяспечваюць пастаўкі паліва ў Маскву і рэгіён.
Уладальнікам прадпрыемства з’яўляецца кампанія «Газпромнефть», якая на момант публікацыі не пракаментавала сітуацыю.
Паводле звестак крыніц у галіне, у 2024 годзе завод перапрацаваў каля 11,6 мільёна тон нафты.
Таксама прадпрыемства вырабіла 2,9 мільёна тон бензіну, 3,2 мільёна тон дызельнага паліва і 1,3 мільёна тон бітуму.