Украіна рыхтуе адказ на правакацыі Лукашэнкі
20- 15.05.2026, 19:37
- 27,452
Зяленскі падзяліўся падрабязнасцямі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даручыў Сілам абароны і органам бяспекі падрыхтаваць план рэагавання на пагрозы з боку Беларусі. План будзе разгледжаны і зацверджаны на Стаўцы галоўнакамандуючага.
Пра гэта ён паведаміў у пятніцу, 15 мая, падчас вячэрняга звароту.
Паводле слоў Зяленскага, Чарнігаўска-Кіеўскі кірунак будуць узмацняць, а партнёры Украіны праінфармаваныя пра сітуацыю і пра спробы Расіі ўцягнуць Беларусь у вайну.
Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што добра разумее, пра што ідзе гаворка ў перамовах паміж Расіяй і кіраўніцтвам Беларусі.
«Цяпер пайшла вялікая актыўнасць расіян — маю на ўвазе, у размове з [беларускім дыктатарам] Аляксандрам Лукашэнкам. Хочуць значна больш уцягнуць Беларусь у вайну і менавіта з тэрыторыі Беларусі пачаць дадатковыя агрэсіўныя аперацыі — або супраць нашага Чарнігаўска-Кіеўскага кірунку, або супраць адной з краін НАТА, якія побач з Беларуссю», — адзначыў Зяленскі.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Украіна і надалей будзе абараняць сваю тэрыторыю і грамадзян.
Раней ён заяўляў, што Расія разглядае планы аперацый па кірунках на поўдзень і на поўнач ад тэрыторыі Беларусі — або супраць Чарнігаўска-Кіеўскага кірунку ва Украіне, або супраць адной з краін НАТА — менавіта з тэрыторыі Беларусі.