Белы дом назваў чырвоныя лініі ў перамовах з Іранам
- 8.04.2026, 21:36
- 2,410
Ход за Тэгеранам.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп будзе весці перамовы з Іранам толькі пры ўмове свабоднага праходу праз Армузскі праліў, заявіла прэс-сакратарка Белага дома Кэролайн Лівітт, перадае CNN.
«Пакуль Армузскі праліў застаецца адкрытым без абмежаванняў і затрымак, гэтыя надзвычай далікатныя і складаныя перамовы будуць праходзіць за зачыненымі дзвярыма цягам наступных двух тыдняў», — сказала яна.
Паводле слоў Лівітт, Іран запэўніў Белы дом, што ён дазваляе рух праз Армузскі праліў, нягледзячы на паведамленні пра перакрыццё гэтага воднага шляху. У прыватным парадку ЗША сёння назіралі павелічэнне руху судоў у праліве, дадала яна, падкрэсліўшы, што любое яго перакрыццё будзе для Вашынгтона «цалкам непрымальным» развіццём падзей.
Лівітт таксама ўдакладніла, што ЗША будуць разглядаць узыманне Іранам платы за перасячэнне Армузскага праліва як абмежаванне.