Сенат ЗША паспрабуе абмежаваць паўнамоцтвы Трампа ў адносінах да вайны з Іранам
1- 8.04.2026, 21:13
- 1,458
Амерыканскія заканадаўцы зноў паспрабуюць прыняць рэзалюцыю.
На наступным тыдні амерыканскія заканадаўцы зноў паспрабуюць прыняць рэзалюцыю, закліканую спыніць вайну з Іранам і прымусіць прэзідэнта Дональда Трампа атрымліваць схваленне Кангрэса на любыя далейшыя ваенныя дзеянні.
Пра гэта заявіў лідар дэмакратычнай меншасці ў Сенаце ЗША Чак Шумер, якога цытуе CNN.
Сёлета дэмакраты ўжо тройчы спрабавалі ініцыяваць падобнае галасаванне, але безвынікова.
«Кангрэс павінен зноў пацвердзіць сваю ўладу, асабліва ў гэты небяспечны момант. Ніводзін прэзідэнт, хай то дэмакрат ці рэспубліканец, не павінен аднаасобна ўцягваць краіну ў вайну — ні цяпер, ні калі-небудзь», — сказаў Шумер.
Лідар дэмакратаў адзначыў, што ён «публічна і прыватна паведаміў Беламу дому менавіта тое, што мы сказалі тут» у напружаныя гадзіны паміж пагрозай прэзідэнта пра тое, што «сёння ўначы загіне цэлая цывілізацыя», і абвяшчэннем пра спыненне агню.
Але ён не размаўляў з Трампам наўпрост, і яму паведамілі, што прэзідэнт «недаступны».
Шумер таксама раскрытыкаваў заключанае ў апошнюю хвіліну перамір’е як «крохкае» і такое, што «не з’яўляецца планам».
«Адзінае жыццяздольнае рашэнне — гэта доўгатэрміновае дыпламатычнае рашэнне. Двухтыднёвае перамір’е, асабліва такое крохкае, як гэта, — не стратэгія. Гэта не дыпламатычнае рашэнне. Гэта не план», — падкрэсліў ён.
Сенатар не верыць, што адміністрацыя дае Кангрэсу «задавальняючы адказ» адносна канчатковай мэты.
«З самага першага дня ў гэтай вайне ніколі не было задавальняючага адказу на пытанне: якая мэта? Чаго мы хочам дасягнуць? Якія тэрміны? Колькі гэта будзе каштаваць — і ў чалавечых жыццях, і ў фінансавых сродках? На яго ніколі не было адказу. Фактычна, яго адказ змяняецца з дня ў дзень», — сказаў Шумер.
Ён таксама назваў дзеянні Трампа «горш, чым проста непрадказальныя — яны небяспечныя».