Вытворчасць адзення ў Расіі абвалілася рэкордна з 2020 года
1- 8.04.2026, 20:12
- 1,232
Бізнес не вытрымлівае.
Расійскія вытворцы адзення, ад якіх улады чакалі імпартазамяшчэння і замены заходніх брэндаў, што пакінулі краіну, апынуліся ў наймацнейшым з часоў пандэміі крызісе.
Паводле дадзеных Расстата, у студзені–лютым 2026 года вытворчасць адзення ў краіне абвалілася на 17,2% — рэкордна з красавіка 2020 года, калі фабрыкі і заводы спыніліся з-за «кавіднага» лакдаўну, перадае The Moscow Times.
У 2023–2024 гадах вытворчасць адзення падскочыла на 29%. Па выніках мінулага года ў галіне пачаўся спад (на 2,2%), які сёлета паскорыўся да паўнавартаснага абвалу. У некаторых рэгіёнах ён стаў двухзначным: у Кемераўскай вобласці — на 44%, у Чалябінскай — на 40,1%, у Санкт-Пецярбургу — на 45%.
Уся расійская прамысловасць знаходзіцца пад ціскам з-за санкцый, дэфіцыту кадраў і новых праблем — такіх, як зніжэнне попыту ва ўмовах ахалоджання эканомікі, пішуць аналітыкі Райфайзенбанка.
Вытворцы адзення апынуліся ў крытычнай сітуацыі: галіна фактычна вядзе барацьбу за выжыванне, а да спісу праблем дадаўся рост падаткаў, адзначае дырэктар кампаніі «ЛедиШарм» Ірына Міронава: «Зараз шмат прадпрыемстваў на мяжы закрыцця. Думаецца, што ў 2026 годзе сітуацыя пагоршыцца. Да сярэдзіны года мы ўбачым масавыя закрыцці як гандлёвых, так і прамысловых кампаній».
Пад рызыкай закрыцця знаходзяцца прыблізна 25% швейных вытворчасцяў па ўсёй краіне, піша Кірыл Юр'еў, заснавальнік «Эмілемі», вытворцы брэндаванай вопраткі і мерчу для бізнесу і дзяржструктур.
«Закрываюцца не толькі маленькія атэлье — сыходзяць з рынку буйныя фабрыкі, якія гадамі працавалі стабільна», — адзначае Юр'еў. Паводле яго слоў, у галіне — «сістэмны крызіс», паколькі «попыт рухнуў», і заказаў на ўсіх ужо не хапае. «Бізнес проста не вытрымлівае падатковай нагрузкі, калі рэальны прыбытак сыходзіць у нуль, а афіцыйныя адлічэнні ніхто не адмяняў», — скардзіцца Юр'еў.
Пераход спажыўцоў у рэжым эканоміі абрынуў попыт у крамах адзення і справакаваў закрыццё 15% гандлёвых кропак у ТЦ па ўсёй краіне. Паводле дадзеных «Платформы ОФД», пакупкі адзення, абутку і аксесуараў летась скараціліся на 11%, а наведвальнасць крам упала на 6%.
На працягу 2026 года ў краіне могуць закрыцца да 40% рознічных кропак, што прадаюць адзенне, — песімістычна ацэньвае заснавальнік універмагаў адзення Slava Concept Аляксандр Перамятаў. «У мінулым годзе рытэйлары разумелі, што пачаўся крызіс, але не ўсведамлялі яго глыбіні, — кажа ён. — (Цяпер) сітуацыя пагоршылася <…>. З-за скарачэння спажывання больш становіцца стратных крам, рэсурсаў падтрымліваць іх больш няма».