Літоўскі палкоўнік: Расія рыхтуе чатыры сцэнары атакі на краіны Балтыі
3- 8.04.2026, 16:51
- 2,860
Найбольш небяспечны — раптоўнае ўварванне з масіраванай паветранай атакай.
Палкоўнік Узброеных сіл Літоўскай Рэспублікі Лінас Ідзеліс расказаў, што Літва адпрацоўвала чатыры магчымыя варыянты, калі Расія будзе атакаваць краіны Балтыі. Паводле яго слоў, падобныя дыскусіі ўнутры арміі праводзіліся пасля распаду СССР.
Пра гэта ён паведаміў у інтэрв'ю «Укрінформу». Ён таксама дадаў, што да гэтага РФ, верагодна, можа прыцягнуць і Беларусь.
Сцэнары нападу Расіі на краіны Балтыі
Першы сцэнар, паводле яго слоў, — гэта гібрыдная вайна. У якасці прыкладу ён прывёў падзеі ва Украіне ў 2014 годзе.
«Але гэтаму ўварванню папярэднічалі маштабная інфармацыйная кампанія і кібератакі. Таму ўварванне было толькі працягам гэтых пачатковых гібрыдных дзеянняў», — патлумачыў вайсковец і дадаў, што з таго часу краіны Еўропы ўжо гатовыя да такога развіцця падзей.
Паводле яго, літоўскія старэйшыя вайсковыя афіцэры ведалі пра гэты сцэнар, бо калісьці вывучалі яго па расійскіх падручніках.
«У тых падручніках уварванне — толькі апошняя фаза, перад якой ужо зроблена «хатняе заданне». Расіяне заўсёды так робяць, і цяпер з Telegram і іншымі інструментамі ім лёгка наймаць кагосьці за некалькі сотняў еўра, каб правезці кантрабанду, падпаліць нейкі завод або пашкодзіць помнік», — заявіў Ідзеліс, адзначыўшы, што Расія ўжо вядзе гібрыдную вайну супраць усёй Еўропы.
Другі сцэнар у Вільнюсе разглядалі як «змяненне свядомасці мясцовага насельніцтва праз аперацыі рэфлексіўнага кантролю».
«Канчатковая мэта ў тым, каб расійскія танкі сустракалі кветкамі, а не гранатамётамі», — патлумачыў вайсковец.
Трэці сцэнар, па словах Ідзеліса, — энергаблакада, аднак, паводле яго слоў, Вільнюс зрабіў усё для спынення энергетычнай залежнасці ад Масквы. У той жа час ён адзначыў, што асобныя краіны Еўропы «настолькі залежныя ад расійскіх вуглевадародаў, што Маскве лёгка праводзіць там аперацыі ўплыву і шантажыраваць урады».
«Чацвёрты сцэнар — гэта нечаканая і хуткая атака. Напрыклад, некалькі тысяч расійскіх вайскоўцаў у грамадзянскім адзенні ўначы прыбудуць у Літву на грамадзянскіх аўто. Гэта будзе суправаджацца прыкладна 400 «шахедамі», крылатымі і балістычнымі ракетамі каля пятай гадзіны раніцы», — паведаміў Ідзеліс.
На яго думку, чацвёрты варыянт самы небяспечны, бо ў Еўропе, паводле яго ацэнак, не гатовыя да абароны ад такой колькасці паветраных мэтаў, аднак, як лічыць Ідзеліс, у выпадку такога сцэнару Узброеныя сілы РФ будуць дзейнічаць больш асцярожна.
«Чыста з вайсковага пункту гледжання ўварванне з удзелам менш як 200 тыс. вайскоўцаў уздоўж некалькіх напрамкаў прасоўвання (ва Украіне. — Рэд.) было вар'яцтвам, але расіяне ўсё ж пайшлі на гэта, што аказалася для іх вялікай памылкай», — падкрэсліў ён.