Літва перахапіла беларускі беспілотнік
- 8.04.2026, 8:58
- 2,132
Дрон заўважылі ў раёне вёскі Дубо.
Літоўскія памежнікі перахапілі беспілотнік з кантрабанднымі цыгарэтамі, які прыляцеў з боку Беларусі. Пра гэта паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Дрон заўважылі ў раёне вёскі Дубо паблізу беларускай мяжы. У цемры памежнікі спачатку пачулі гук беспілотніка, пасля чаго з дапамогай антыдроннага абсталявання змаглі яго прызямліць.
Да апарата быў прымацаваны згортак, абмотаны чорнай поліэтыленавай плёнкай. Пасля таго як дрон даставілі на памежную заставу і распакавалі груз, унутры выявілі 1000 пачак цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі. Паводле ацэнак памежнікаў, кошт такой колькасці нелегальных цыгарэт з улікам усіх падаткаў у Літве складае каля 5380 еўра.
У Службе аховы дзяржаўнай мяжы адзначылі, што з пачатку года памежнікі ўжо перахапілі 11 дронаў, з дапамогай якіх кантрабандысты спрабавалі пераправіць цыгарэты з Беларусі.



