30 красавiка 2026, Чацвер, 20:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ізраіль адмовіўся прымаць скрадзенае Расіяй украінскае зерне

2
Ізраіль адмовіўся прымаць скрадзенае Расіяй украінскае зерне
Ілюстрацыйнае фота

Пратэст Кіева быў пачуты.

Ізраіль пасля пратэсту Кіева адмовіўся разгружаць судна PANORMITIS з зернем, незаконна вывезеным Расіяй з акупаваных тэрыторый Украіны. Кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сыбіга назваў гэта «станоўчым крокам», які сведчыць пра эфектыўнасць прававых і дыпламатычных мер. «Гэта таксама з’яўляецца выразным сігналам для ўсіх іншых суднаў, капітанаў, аператараў, страхоўшчыкаў і ўрадаў: не купляйце скрадзенае ўкраінскае зерне. Не становіцеся саўдзельнікамі гэтага злачынства», — падкрэсліў міністр.

Генпракурор Украіны Руслан Краўчанка дадаў, што судна PANORMITIS пакінула тэрытарыяльныя воды Ізраіля і адышло ў нейтральныя воды пасля таго, як Кіеў прыняў комплекс працэсуальных мераў. Паводле яго слоў, Ізраіль пачаў выконваць запыт на падставе матэрыялаў, перададзеных Украінай у рамках міжнароднага прававога супрацоўніцтва. Пры гэтым, як адзначыў Краўчанка, выхад судна ў нейтральныя воды не спыняе крымінальнага пераследу і не вызваляе датычных асоб ад адказнасці. Украіна працягне прававую рэакцыю ў любой юрысдыкцыі, якая прызнае вяршэнства права і паважае суверэнітэт Украіны, падкрэсліў генпракурор.

Напярэдадні, 28 красавіка, міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга паведаміў, што Ізраіль ужо прыняў два судны з зернем, вывезеным Расіяй з захопленых тэрыторый. Кіеў выклікаў пасла Ізраіля для ўручэння ноты пратэсту. У адказ кіраўнік МЗС Ізраіля Гідэон Саар заявіў, што Украіна не надала дастатковых доказаў і заклікаў весці дыпламатыю не праз СМІ і сацсеткі, паабяцаўшы разгледзець пытанне.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі нагадаў, што «набыццё скрадзенага ва ўсіх нармальных краінах» цягне за сабой прававую адказнасць і падкрэсліў, што ўлады Ізраіля не могуць не ведаць, якія судны і з якім грузам заходзяць у іх порты. Зяленскі адзначыў, што Украіна рыхтуе санкцыі супраць перавозчыкаў скрадзенага зерня і тых, хто спрабуе зарабляць на крымінальнай схеме. У Еўрасаюзе паведамілі, што вывучаюць магчымасць абмежаванняў у дачыненні да ізраільскіх чыноўнікаў і арганізацый, датычных да такога гандлю.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках