Мэрц: Вайна ЗША супраць Ірана б'е па эканоміцы Германіі
- 29.04.2026, 23:41
Канцлер ФРГ заклікаў бакі ўрэгуляваць канфлікт.
Канцлер ФРГ Фрыдрых Мэрц, нягледзячы на жорсткія выпады з боку прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, зноў раскрытыкаваў вайну ЗША і Ізраіля супраць Ірана, заявіўшы, што канфлікт мае «непасрэдныя наступствы для энергазабеспячэння» і «масштабныя наступствы для эканамічнай дзеяздольнасці» Германіі. «Таму я настойваю на ўрэгуляванні гэтага канфлікту», — заявіў канцлер у сераду, 29 красавіка, у Берліне.
Напярэдадні Трамп падверг Мэрца рэзкай крытыцы, абвінаваціўшы яго ва ўмяшанні ў палітыку ў дачыненні да Ірана. «Федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мэрц лічыць нармальным, што ў Ірана можа быць ядзерная зброя. Ён не ведае, пра што гаворыць!», — напісаў Трамп у сваёй сацсетцы Truth Social
Прэзідэнт ЗША дадаў, што, калі б Іран меў атамную зброю, ён «узяў бы ўвесь свет у закладнікі», і кпліва заўважыў: «Не дзіўна, што ў Германіі справы ідуць так дрэнна — як у эканамічным, так і ў іншых адносінах!» Чаму Трамп абвінаваціў Мэрца ў падтрымцы іранскай ядзернай праграмы, засталося незразумелым: канцлер неаднаразова заяўляў, што Іран ні ў якім разе не павінен атрымаць атамную бомбу, адзначае агенцтва AFP.