Украіна ўзмацніла санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі
- 29.04.2026, 21:06
- 1,156
Новы пакет абмежаванняў падпісаў прэзідэнт Украіны.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзенні санкцый супраць беларускіх суб'ектаў. Пра гэта ён паведаміў у сваім відэазвароце.
«Я ўжо падпісаў новы санкцыйны пакет Украіны — вагомы пакет — у тым ліку ў дачыненні да суб'ектаў з Беларусі. Гэта сігнал многім нашым партнёрам, на што варта аказваць ціск, каб усё ж такі зніжаць узровень гэтай вайны, яе інтэнсіўнасць. Расія не праяўляе добрай волі. Яе трэба прымушаць да тых ці іншых крокаў, неабходных для змяншэння агрэсіі, і няхай яны потым называюць гэта сваімі «жэстамі добрай волі», — заявіў Зяленскі.
Ён не ўдакладніў, супраць каго былі ўведзены санкцыі, але дадаў, што «неабходна, каб Беларусь не была ўцягнута ў вайну».
«Неабходна, каб не было аперацый супраць іншых еўрапейскіх краін. Неабходна, каб у гэтай вайне Расіі супраць Украіны быў годны мір», — сказаў украінскі лідар.
Нагадаем, 18 лютага Украіна ўвяла санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі. Яны ўключаюць блакіроўку актываў, забарону на ўдзел у бізнэсе і дзяржаўных закупках, абмежаванне ўезду ва Украіну, прыпыненне ліцэнзій і гандлёвых пагадненняў, забарону на перадачу тэхналогій і інтэлектуальнай уласнасці, а таксама іншыя абмежаванні.