ЗША выдзеляць да $100 млн на рамонт саркафага Чарнобыльскай АЭС
- 29.04.2026, 21:48
Усяго на рамонт саркафага краінам G7 неабходна выдзеліць $500 млн.
Дзяржаўны дэпартамент ЗША абвясціў пра намер выдзеліць да $100 млн на аднаўленне сістэм забеспячэння бяспекі на ўкраінскай Чарнобыльскай АЭС, якое ініцыявалі краіны G7. Пра гэта паведаміла прэс-служба Дзярждэпартамента.
Новы бяспечны канфайнмент (НБК, ізаляцыйнае арачнае збудаванне над разбураным энергаблокам ЧАЭС) быў пашкоджаны ў выніку ўдару БПЛА летась, адзначылі ў Дзярждэпартаменце. Першапачаткова ён быў разлічаны на 100-гадовы тэрмін службы. «Без рамонту НБК больш не можа забяспечваць належную абарону, што стварае пагрозу небяспечнай уцечкі высокарадыёактыўных матэрыялаў у Еўропе», — паведаміла прэс-служба.
Усяго на рамонт саркафага краінам G7 неабходна выдзеліць $500 млн, адзначылі там. ЗША заклікалі партнёраў па групе падзяліць фінансаванне аднаўлення НБК.