Навукоўцы высветлілі, што папугаі запамінаюць імёны людзей
- 29.04.2026, 10:56
Гэтыя птушкі могуць мэтанакіравана звяртацца да канкрэтных людзей і да жывёл па імені.
Верагодна, папугаям не ўсё адно, хто перад імі — Галіна Сяргееўна, Віктар або пёс Шарык. Даследчыкі з Аўстрыі і ЗША даказалі, што розныя віды гэтых таварыскіх птушак могуць мэтанакіравана звяртацца да канкрэтных людзей і да жывёл па імені, піша «Нож».
Каманда правяла апытанне сярод уладальнікаў папугаяў. У іх выбарку ўвайшла інфармацыя пра 1202 асобіны 89 відаў. Гаспадары хатніх жывёл паведамлялі вучоным мянушку свайго любімца, потым пералічвалі словы і сказы, якія птушка рэгулярна вымаўляла, і сітуацыі, у якіх яна звычайна вымаўляла пералічаныя фразы.
Пазней спецыялісты выдзелілі з масіва даных усе словы, у якіх фігуравалі імёны гаспадароў, а таксама мянушкі, прыдуманыя людзьмі.
Аналіз даных паказаў, што большасць папугаяў не толькі ўмеюць запамінаць імёны ўладальнікаў і мянушкі розных гадаванцаў, але і выкарыстоўваюць іх па прызначэнні.
«Мы выявілі, што многія папугаі могуць вывучыць імёны і правільна іх выкарыстоўваць. Асобіны выкарыстоўвалі імёны па прызначэнні, часам звяртаючыся да асобных людзей і да жывёл, — тлумачыць прафесар Крысцін Далін, сааўтарка даследавання, з Універсітэта Пітсбурга ў Джонстаўне (ЗША). — Аднак папугаі таксама выкарыстоўвалі імёны ў нетыповых для людзей сітуацыях, часта звяртаючыся да сябе па імені, каб прыцягнуць увагу».
Цяпер каманда навукоўцаў працягне збіраць даныя пра паводзіны гаваркіх папугаяў. Гаспадары крылатых сяброў могуць узяць удзел у даследаванні, даслаўшы інфармацыю пра гадаванцаў у праект Many Parrots Project.