Па кім звоніць зван
5- Любоў Лунева, «Белсат»
- 26.04.2026, 12:11
- 4,818
Ланцуговая рэакцыя не завершылася.
«Не пытайся, па кім звоніць зван. Ён звоніць па табе». Мінула чатыры стагоддзі, але гэтыя словы англійскага паэта Джона Донна не толькі не страцілі свайго першапачатковага сэнсу, але і набылі яшчэ большую актуальнасць у нашы дні.
...30 верасня 1989 года ў сталіцы БССР некалькі тысяч чалавек сабраліся каля парку Чалюскінцаў і рушылі ў бок Дома ўрада на плошчу Леніна. У галаве працэсіі неслі царкоўны зван. Пазней ён у народзе атрымае назву «чарнобыльскі». У той дзень людзі ішлі моўчкі, і толькі зван абвяшчаў пра набліжэнне працэсіі. Многія мінакі далучаліся да калоны, і яна на вачах павялічвалася з кожнай хвілінай. Паводле ацэнак назіральнікаў, на плошчу прыйшло не менш за 50 тысяч чалавек. За часоў СССР гэта было надзвычайнае здарэнне. Бо любыя меры прымаліся выключна па разнарадцы ўладаў. Ды і тое двойчы на год – 1 мая і 7 лістапада. Суботнікі не ў залік.
Арганізатарамі гэтай акцыі былі зусім іншыя людзі – Беларускі Народны Фронт. Гэта быў першы «Чарнобыльскі шлях», і ён адбыўся не ў дзень гадавіны катастрофы, а 30 верасня як рэакцыя народа на публікацыю звестак пра радыяактыўнае забруджванне тэрыторый рэспублік СССР, рассакрэчаных уладамі пасля трох гадоў маўчання. Гэта быў пратэст, у якім зліліся і боль, і гнеў, і смутак. Тры гады маўчання! Тры гады, калі трэба было дзейнічаць рашуча, як і належыць у эпіцэнтры ядзернага паражэння, каб выратаваць здароўе людзей і чалавечыя жыцці. Колькі маленькіх дзяцей апынуліся ў палатах са страшнымі дыягназамі! Колькім цяжарным жанчынам перапынілі цяжарнасць! Колькі ліквідатараў аварыі трапілі на бальнічныя ложкі! Колькі сем’яў сутыкнуліся з пакутамі і горыччу страт! А колькі соцень тысяч ужо захварэлі на рак! Усё гэта можна было б мінімізаваць, калі б не было гэтага праклятага маўчання і бяздзеяння.
І які з таго толк, што за некалькі месяцаў да Чарнобыльскай катастрофы, у лютым 1986-га, адбыўся XXVII з’езд КПСС, на якім прагучаў лозунг «Галоснасць». Толькі аказалася, што кожны ўкладаў у яго свой сэнс. Народ успрыняў лозунг як надзею на адкрытасць інфармацыі без цэнзуры. А ЦК КПСС, выходзіць, меў на ўвазе вырашэнне праблем развіцця эканомікі. Ніхто не ведае, колькі за гэтыя тры гады было з’едзена «брудных» прадуктаў, колькі вадаёмаў і рэк не былі закрытыя для купання, а таксама колькі гектараў лесу, дзе людзі збіралі грыбы і ягады, накрыла радыяцыя. Адбылося тое, чаго ніхто не чакаў ад «родных» партыі і ўрада: ніхто не стаў ратаваць народ. Падчас найстрашнейшай з усіх магчымых тэхнагенных катастроф на Зямлі людзі засталіся сам-насам з гэтай бядой. Але няма ліха без дабра – выбух у Чарнобылі нарадзіў ланцуговую рэакцыю, што разбурыў усе падмуркі, на якіх трымаўся камуністычны рэжым.

Па кім звонеў той звон? Што траурны звон прадвяшчаў народу Беларусі? Ці думалі ў той дзень удзельнікі акцыі і назіральнікі, што наперадзе іх чакаюць яшчэ большыя выпрабаванні? Ці мог тады хто-небудзь паверыць, што не пройдзе і 10 гадоў, як на забруджаных тэрыторыях пачнуць араць і сеяць? Ці мог хто-небудзь уявіць, што новыя ўлады не толькі не будуць спрыяць аздараўленню маленькіх грамадзянаў Беларусі, але нават пачнуць перашкаджаць вывазу дзяцей на аздараўленне за мяжу? Ці можна было тады ўявіць, што ў краіне адбудуцца такія падзеі, што гэтая страшная катастрофа адыдзе на другі план? Яшчэ некалькі гадоў – і ліквідатараў пазбавяць усіх льгот. Яшчэ крыху – і Цэнтр рэабілітацыі ліквідатараў-чарнобыльцаў перанясуць падалей ад Мінска ў Гомель?
...Калі здарыўся выбух, я працавала ў начную змену ў Інстытуце матэматыкі. Сярод ночы патэлефанавалі мае сябры з Інстытута ядзернай фізікі, сказалі, што ў іх НЗ: на вонкавых прыборах – радыяцыя, а ўнутры ўсё ў норме. Як такое можа быць? Што адбываецца? Ноч. Выхадны. Званіць начальству? Яшчэ не было васьмі раніцы, як прыбег наш загадчык лабараторыі. Ён ледзь хаваў хваляванне. Сказаў, што «галасы» перадаюць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС. Нас накрыла радыяцыя. Вецер у наш бок.
«Трэба як мага менш часу быць на вуліцы. Карыстайцеся тралейбусамі. Яны найбольш бяспечныя ў такой сітуацыі. Не вешайце бялізну сушыць на балконе, – зрабіў паўзу і дадаў. – Як варыянт – чырвонае віно будзе дарэчы, ну і, можа, тое, што даюць на шкодных вытворчасцях, нешта кшталту мармеладу або пастылы».
Пастыла на той момант у БССР ужо была дэфіцытам. Ды шмат што было дэфіцытам. Эканоміка ледзь трымалася.
Наколькі ўсё сур’ёзна? Сады цвітуць, вясна. Пах першых кветак. Пачатак дачнай пары. У электрычках людзі дзеляцца інфармацыяй. Хтосьці распавядае, як у Гомелі рыхтаваліся да эвакуацыі, бо існавала верагоднасць выбуху яшчэ аднаго блока рэактара. Цягнікі стаялі на пуцях. Баяліся панікі. Дачнікі казалі, што ў модных тады акулярах-хамелеонах лінзы ў дзень аварыі былі чырвонага колеру. Хтосьці абураўся, бо не папярэдзілі, што капацца ў гародах небяспечна. А што можа здарыцца? Ну, можа, у кагосьці потым могуць быць праблемы са здароўем. Хто яго ведае. Чым харчавацца? Ці можна гатаваць усімі любімую ў гэты час акрошку з шчаўя? Ці можна загараць? Хто адкажа народу? «Голас Амерыкі», Бі-бі-сі, «Нямецкая хваля», «Радыё Свабода» – адзіныя крыніцы інфармацыі. Людзі, трымаючыся за антэну, праз трэск «глушылак» лавілі кожнае слова.
...Не будзе нас, не будзе нават нашых праўнукаў, а ізатопы плутоній-239 і амерыцый-241 будуць распадацца яшчэ тысячы гадоў... Мінула толькі 40. У краіне, якая пацярпела ад чарнобыльскай катастрофы больш за іншых, так і не прынялі праграмы дыспансерызацыі насельніцтва. Дасюль хаваюць статыстыку росту анкалагічных захворванняў праз наступствы радыяцыі. «Брудныя» прадукты прадаюцца ў крамах. Навукоўцы, што даследавалі праблему ўздзеяння малых доз радыяцыі на арганізм, выгнаныя з краіны. Краіна пад акупацыяй. А калі акупантаў турбавала здароўе мясцовага насельніцтва? Чарнобыль узарваў заганную сістэму, створаную бальшавікамі пасля катастрофы 1917 года ў Расіі. Ланцуговая рэакцыя не завершылася. І гэта не толькі пра распад ізатопаў.
Любоў Лунева, «Белсат»