Падаткавікі рассылаюць «лісты шчасця» з-за заробкаў
7- 20.04.2026, 20:13
- 5,178
Што адбываецца?
Падаткавікі расказалі, як вядуць барацьбу з заробкамі ў канвертах. Тым часам у Мінпрацы ўдакладнілі, якія навінкі з’явіліся ў барацьбе з такімі выплатамі.
«У 2026 годзе падатковымі органамі працягваецца комплексная праца па выяўленні даходаў, утоеных ад падаткаабкладання і выкарыстаных у якасці крыніц для выплаты заробкаў у канвертах», — паведамляе Міністэрства па падатках і зборах (МНС).
У ведамстве ўдакладняюць, што «па-ранейшаму асноўным спосабам фарміравання крыніцы для выплаты заробкаў у канвертах застаецца ўтойванне ад падаткаабкладання наяўнай выручкі».
«За тры месяцы 2026 года падатковымі органамі падчас правядзення аператыўных мерапрыемстваў устаноўлена ўтойванне суб’ектамі гаспадарання ад падаткаабкладання наяўнай выручкі на суму 76,8 млн рублёў», — паведамляюць у МНС.
Арганізацыі і ІП за тры першыя месяцы гэтага года накіравалі больш за 31 тысячу паведамленняў і апавяшчэнняў, «у якіх прапанавана добраахвотна ліквідаваць парушэнні або падаць адпаведныя тлумачэнні», — удакладняюць у МНС.
«Сума падаходнага падатку з фізічных асоб, якая падлягае даплаце ў бюджэт па такіх мерапрыемствах, склала 37,8 млн рублёў, — паведамляюць падаткавікі. — Па выніках праверак, праведзеных падатковымі органамі, устаноўлена 274 факты нявыплаты падаходнага падатку і прад’яўлена да выплаты 59 млн рублёў падаходнага падатку з фізічных асоб».
Падаткавікі заявілі, што працягнуць барацьбу з заробкамі ў канвертах.
Тым часам своечасовая выплата заробкаў — пад асаблівай увагай чыноўнікаў. Пра гэта паведамілі ў Мінпрацы.
«Прыняты 45-ы ўказ, які пашырыў паўнамоцтвы Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы. Дакумент распаўсюдзіў пазасудовы парадак спагнання на ўзнагароджанні па грамадзянска-прававых дагаворах (ГПД)», — паведамляюць у Мінпрацы.
У ведамстве таксама ўдакладнілі, што «акрамя таго, пры банкруцтве арганізацыі недастатковая запазычанасць па заробку і ГПД цяпер пагашаецца за кошт сродкаў заснавальнікаў».