Nissan хоча зноў ствараць «крутыя аўтамабілі»
- 20.04.2026, 14:18
- 1,098
Кампанія можа адрадзіць легендарныя мадэлі.
Nissan рыхтуе прыкметнае абнаўленне свайго іміджу і хоча зноў рабіць «крутыя аўтамабілі», арыентаваныя на кіроўцаў. Пра гэта заявіў глабальны кіраўнік па стратэгіі прадукту кампаніі Рычард Кандлер, піша Motor1 (пераклад — сайт Charter97.org).
Паводле яго слоў, Nissan «сур'ёзна разглядае вяртанне спартыўнай лінейкі» і не абмяжоўваецца толькі мадэлямі GT-R і Z. Кампанія вывучае магчымасць вяртання культавых мадэляў з мінулага, якія калісьці былі папулярныя сярод энтузіястаў.
Адзін з такіх праектаў можа стаць адраджэннем Nissan Silvia. Кандлер адзначыў, што сам пачынаў з гэтай мадэлі і хацеў бы ўбачыць яе вяртанне: «Мы хочам знайсці правільнае рашэнне для Silvia. Думаю, для яе ўсё яшчэ ёсць месца на рынку».
Раней кіраўніцтва Nissan ужо намякала на пашырэнне спартыўнай лінейкі, уключаючы новыя праекты на базе будучага GT-R пакалення R36, хоць афіцыйнага пацвярджэння Silvia пакуль няма.
Калі мадэль усё ж вернецца, яна будзе канкурыраваць з Mazda MX-5 Miata і Toyota GR86 / Subaru BRZ, то-бок з даступнымі спартыўнымі аўтамабілямі для масавага пакупніка. Таксама абмяркоўваецца вяртанне пазадарожніка Xterra.