Беларусы ў сваіх жыроўках знаходзяць пеню ні за што
8- 20.04.2026, 12:54
- 3,898
Адкуль яна бярэцца.
Жыхарка Мінска Наталля выявіла ў сваёй жыроўцы незразумелую пеню, і, як высветлілася, з падобнай праблемай сутыкаюцца і іншыя.
У TikTok яна паказала разліковы ліст, дзе ўказаная пеня ў памеры 13,56 рубля на 31 сакавіка. Паводле слоў жанчыны, жыллёва-камунальныя паслугі яна аплачвае своечасова: у мінулым месяцы — 18-га, у бягучым — 15 красавіка.
Перад публікацыяй роліка Наталля звярнулася ў разлікова-даведачны цэнтр, аднак там не змаглі растлумачыць прычыну налічэння. Па яе ацэнцы, за год на такую пеню сыходзіць каля 150 рублёў.
Паводле водгукаў карыстальнікаў, сітуацыя аказалася распаўсюджанай — пад відэа пакінулі больш за тысячу каментароў. Некаторыя меркавалі, што справа ў пратэрміноўках плацяжоў, але аўтарка гэта адмаўляе.
Іншыя карыстальнікі расказалі пра падобны досвед: у іх таксама з’яўляліся невялікія сумы пені — ад капеек да некалькіх рублёў, якія «перакочваліся» з месяца ў месяц. З-за нязначных сум многія не звяртаюцца ў РСЦ, каб не траціць час.
Паводле адной з версій, пеня магла з’явіцца праз разавую пратэрміноўку і затым доўга адлюстроўвацца ў сістэме. Карыстальнікі адзначаюць, што база АРІП абнаўляецца не адразу, таму налічэнні могуць заставацца нават пасля аплаты і знікаюць пазней.