Шведская выведка: Асяроддзе Пуціна ўводзіць яго ў зман
5- 20.04.2026, 9:23
- 3,414
Кіраўнік Крамля можа не ведаць пра рэальны стан эканомікі.
Швецыя мае выведвальныя дадзеныя пра тое, што Расія сістэматычна скажае эканамічную статыстыку, каб увесці ў зман заходніх саюзнікаў Украіны. Пра гэта ў інтэрв’ю Financial Times заявіў кіраўнік Службы ваеннай выведкі і бяспекі Швецыі Томас Нільсан.
Паводле яго слоў, мэта такіх дзеянняў — стварыць уражанне, што расійская эканоміка паспяхова спраўляецца з наступствамі вайны і санкцый. Аднак, як адзначыў Нільсан, насамрэч яна не адновілася нават на фоне росту цэн на нафту з-за канфлікту на Блізкім Усходзе.
Ён патлумачыў, што для пакрыцця дэфіцыту бюджэту Расіі неабходна, каб цана на нафту сорту Urals трымалася вышэй за 100 долараў за барэль на працягу доўгага часу. Пры стабілізацыі цэн, асабліва калі ЗША і Ізраіль захаваюць рэжым спынення агню з Іранам, Маскве будзе складаней фінансаваць вайну супраць Украіны.
Пры гэтым, паводле слоў кіраўніка выведкі, нават афіцыйныя расійскія дадзеныя ўжо выклікаюць трывогу. Так, Уладзімір Пуцін нядаўна паведаміў пра зніжэнне ВУП на 1,8% у студзені–лютым, а кіраўніца Цэнтрабанка Эльвіра Набіуліна заявіла пра пагаршэнне знешнеэканамічных умоў.
Нільсан лічыць, што рэальная сітуацыя яшчэ горшая: паводле яго ацэнак, інфляцыя ў Расіі значна вышэй за афіцыйныя 5,86% і можа быць бліжэй да ключавой стаўкі ў 15%. Акрамя таго, ён адзначыў, што, паводле меркавання нямецкай выведкі BND, Расія заніжае дэфіцыт бюджэту прыкладна на 30 мільярдаў долараў. Таксама былі зафіксаваныя асобныя фінансавыя паказчыкі, што могуць сведчыць пра рызыкі банкаўскага крызісу.
Нільсан дапусціў, што Уладзімір Пуцін можа не мець поўнай карціны таго, што адбываецца ў эканоміцы. Аднак, падкрэсліў ён, нават пры скажонай інфармацыі пазбегнуць рэальных наступстваў у доўгатэрміновай перспектыве не ўдасца.