Відэафакт: ГУР паразіла два вялікія дэсантныя караблі РФ
5- 20.04.2026, 15:53
- 18,432
Абодва караблі выведзены з ладу.
У ноч з 18 на 19 красавіка байцы спецыяльнага падраздзялення Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны «Прывіды» нанеслі ўдары па двух вялікіх дэсантных караблях Расіі у часова акупаваным Крыме. Гаворка пра ВДК праектаў 775 «Ямал» і 1171 «Мікалай Фільчанкоў».
«У момант удару варожыя караблі, якія належаць расійскаму Чарнаморскаму флоту, знаходзіліся ў Севастопальскай бухце», — паведамілі ў ГУР у Telegram.
У разведцы ўдакладнілі, што «Ямал» — карабель праекта 775, пабудаваны ў 1988 годзе. Яго даўжыня — 112,5 метра, а грузападымальнасць — да 500 тон, уключаючы бранятэхніку і дэсант. Ацэначны кошт — больш за 80 мільёнаў долараў.
«Мікалай Фільчанкоў» — дэсантны карабель праекта 1171, пабудаваны ў 1975 годзе, здольны перавозіць да 1000 тон грузу, уключаючы дзясяткі адзінак бранятэхнікі і вялікі дэсант. Яго кошт ацэньваецца больш чым у 70 мільёнаў долараў.
Паводле звестак украінскай разведкі, абодва караблі ў выніку атакі выведзены з ладу.
Акрамя таго, у Севастопалі была знішчана радыёлакацыйная станцыя «Падлёт-К1», прыблізны кошт якой складае каля 5 мільёнаў долараў.