ЗША атакавалі і захапілі грузавое судна Ірана
6- 20.04.2026, 13:20
- 10,670
На борце маглі быць хімічныя рэчывы для ракетнай праграмы Тэгерана.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што амерыканскія вайскоўцы атакавалі і захапілі судна пад сцягам Ірана пасля спробы прарваць блакаду ЗША ў Аманскім заліве.
Аб гэтым прэзідэнт ЗША паведаміў у Truth Social.
«Сёння іранскае грузавое судна TOUSKA, даўжынёй амаль 900 футаў і супастаўнае па масе з авіяносцам, паспрабавала прарваць нашу ваенна-марскую блакаду, і гэта скончылася для іх няўдачай», — напісаў Трамп.
Па яго словах, амерыканскі эсмінец з кіраванымі ракетамі USS SPRUANCE перахапіў судна ў Аманскім заліве і папярэдзіў экіпаж аб неабходнасці спыніцца. Аднак экіпаж не выканаў патрабаванні, пасля чаго карабель быў узяты пад кантроль.
«Іранскі экіпаж адмовіўся падпарадкавацца, таму наш карабель спыніў іх на месцы, пашкодзіўшы машыннае аддзяленне. На дадзены момант судна знаходзіцца пад кантролем марской пяхоты ЗША», — гаворыцца ў паведамленні.
Як піша выданне The Washington Post, кантэйнерны карабель TOUSKA ёмістасцю каля 4,8 тыс. вяртаўся з кітайскага порта Гаолань у горадзе Чжухай у іранскі порт Бандар-Абас.
Як адзначае WP, порт Гаолань спецыялізуецца, у прыватнасці, на адгрузцы хімікатаў, сярод якіх ёсць перхларат натрыю — кампанент, які выкарыстоўваецца ў вытворчасці цвёрдага ракетнага паліва. У той жа час дакладны склад грузу на борце TOUSKA афіцыйна не пацверджаны.
Выданне таксама звяртае ўвагу, што судна звязана з кампаніяй, якую Вашынгтон раней абвінавачваў у набыцці матэрыялаў для іранскай праграмы распрацоўкі балістычных ракет.