Axios: У Іране палічылі перамовы з ЗША пасткай
- 20.04.2026, 4:59
Раней Тэгеран афіцыйна адмовіўся ад перамоваў у Ісламабадзе.
Сапраўдны намер прэзідэнта ЗША Дональда Трампа можа заключацца ў аднаўленні вайны, а яго заявы пра здзелку могуць быць прыкрыццём для аднаўлення баявых дзеянняў, паведамілі іранскія чыноўнікі Axios.
Амерыканскія чыноўнікі паведамілі выданню, што віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс узначаліць амерыканскую дэлегацыю на чарговым раундзе перамоў з Іранам у Ісламабадзе перад завяршэннем рэжыму спынення агню 21 красавіка.
У тэлефоннай размове з Axios Трамп выказаў аптымізм наконт меркаваных перамоў. «Я адчуваю сябе добра. Канцэпцыя здзелкі распрацавана. Думаю, у нас ёсць вельмі добрыя шанцы завяршыць яе», — сказаў ён.
Іран адмовіўся ад перамоваў з ЗША ў Ісламабадзе, паведамілі іранскія агенцтвы IRNA і Tasnim. «Залішнія патрабаванні ЗША і нерэалістычныя, неразумныя прэтэнзіі, частыя змены пазіцый, пастаянныя супярэчнасці і працяглая так званая марская блакада [Армузскага праліву], што з'яўляецца парушэннем пагаднення аб спыненні агню, а таксама пагрозы дагэтуль перашкаджалі прагрэсу перамоў, і ў гэтых умовах няма перспектыў для выніковага дыялогу», — гаворыцца ў паведамленні.