Беларус гадамі незаконна ездзіў у ЕС
6- 19.04.2026, 20:29
- 7,664
Спосаб да смешнага просты.
Беларус апынуўся перад судом у Польшчы за незаконнае перасячэнне мяжы. Пры гэтым зрабіць гэта яму ўдавалася не адзін раз. Як гэта стала магчымым, распавядае мясцовае выданне Słowo Podlasia.
Ідзецца пра 41-гадовага беларуса, які завецца Руслан Б. Ён трапіў у спіс непажаданых асоб у ЕС, таму яму забаранілі ўезд туды.
Непрыемна, вядома, але мужчына не разгубіўся. Ён проста ўзяў дзявочае прозвішча маці. І ўжо паводле ўсіх дакументаў гэта быў іншы чалавек, нейкі Руслан Х.
Мужчына атрымаў візу на новы пашпарт і рэгулярна ёй карыстаўся. Пры гэтым ён нават не спрабаваў пазбягаць памежнага кантролю і рэгулярна з’яўляўся ў аэрапортах.
Паводле звестак суда, з лютага 2024-га па студзень 2026-га беларус перасякаў мяжу з ЕС дзясяткі разоў, кожны раз праходзячы пашпартны кантроль.
У матэрыяле не паведамляецца, якім чынам мужчына папаўся, але яго затрымалі ў пункце прапуску «Тэрэспаль».
Пачалося разбіральніцтва. Мужчыну абвінавачвалі ў неаднаразовым парушэнні артыкула 264 Крымінальнага кодэкса Польшчы, аднак раённы суд у Бялай-Падлясцы вырашыў аб’яднаць усе выпадкі ў адзін эпізод.
У выніку беларуса прысудзілі да шасці месяцаў пазбаўлення волі, але з адтэрміноўкай пакарання на два гады выпрабавальнага тэрміну. Таксама яго вызвалілі ад аплаты судовых выдаткаў.