83 гады таму пачалося паўстанне ў Варшаўскім гета
2- 19.04.2026, 16:46
- 1,250
У сталіцы Польшчы адбываюцца памятныя мерапрыемствы.
83 гады таму, 19 красавіка 1943 года, успыхнула паўстанне ў Варшаўскім гета. Яўрэйскія падпольныя ўзброеныя арганізацыі ўступілі ў няроўны бой з нямецкімі войскамі, якія пачалі канчатковую ліквідацыю гета, рэалізуючы нацысцкі план знішчэння еўрапейскіх яўрэяў. Паўстанне ў Варшаўскім гета стала самым буйным яўрэйскім узброеным выступленнем падчас Другой сусветнай вайны. Баявыя дзеянні працягваліся да 16 мая, перадае «Польскае радыё».

Каля паўтары тысячы байцоў Яўрэйскай баявой арганізацыі і Яўрэйскага вайсковага саюза аказалі супраціў немцам. Яны змагаліся супраць значна мацнейшых сіл праціўніка — падраздзяленняў СС, вермахта, паліцыі бяспекі і дапаможных фарміраванняў. Немцы метадычна знішчалі гета, спальваючы дом за домам, падрываючы бункеры і расстрэльваючы або адпраўляючы захопленых людзей на Умшлагплац, адкуль эшалоны адпраўляліся ў лагеры смерці. Нягледзячы на гэта, частка тых, хто хаваўся, заставалася неўлоўнай яшчэ многія тыдні пасля афіцыйнага заканчэння баёў.

Тым, хто змагаўся, дапамагала падпольная Армія Краёва. У межах «Акцыі Гета» яна арганізоўвала пастаўкі зброі і дыверсійна-баевую падрыхтоўку. Паводле звестак, сабраных Уладзіславам Барташэўскім, варшаўская акруга АК перадала Яўрэйскай баявой арганізацыі, у прыватнасці, 90 пісталетаў, 600 ручных гранат і каля 165 кілаграмаў выбуховых рэчываў.
Пасля таго як 8 мая скончыў жыццё самагубствам адзін з лідараў паўстання Мардахай Анелевіч, ягоныя функцыі ўзяў на сябе Марэк Эдэльман. Яўрэйскія байцы працягвалі супраціў невялікімі групамі аж да 16 мая. У той дзень немцы абвясцілі пра завяршэнне акцыі па падаўленні паўстання, падарваўшы Вялікую сінагогу на Тламацкім.

На момант пачатку паўстання ў гета знаходзіліся ад 50 да 70 тысяч яўрэяў. Каля 6 тысяч загінулі ў баях, яшчэ 7 тысяч былі забітыя на тэрыторыі гета падчас пакаранняў, столькі ж былі адпраўленыя ў нямецкі лагер смерці ў Трэблінцы. Астатніх — каля 36 тысяч чалавек — вывезлі ў Аўшвіц-Біркенаў, Майданак і іншыя канцэнтрацыйныя лагеры.

Старшыня Сацыяльна-культурнага таварыства яўрэяў у Польшчы Артур Хофман падкрэслівае, што памяць пра паўстанне мела велізарнае значэнне для фармавання яўрэйскай ідэнтычнасці пасля Другой сусветнай вайны.

«Гэта вельмі важна, бо Варшава — гэта горад двух паўстанняў. Частка тых, хто цудам перажыў паўстанне ў гета, пазней удзельнічала і ў баях Варшаўскага паўстання. Знакаміты Казік, гэта значыць Сімха Ротэм, і многія іншыя постаці, якія потым атрымалі медалі паўстання і насілі афіцэрскія званні».

Сёння, 19 красавіка, апоўдні ў Варшаве загучалі сірэны. Такім чынам горад ушануе памяць герояў паўстання ў Варшаўскім гета.
