У Гомелі хітры пацыент бальніцы «піў» таблетку, а потым яе прадаваў
2- 19.04.2026, 12:39
- 1,934
Але «бізнэс» не ўдаўся.
У Гомелі хітры пацыент бальніцы піў таблетку, а потым выплёўваў яе і прадаваў. Падрабязнасці паведамляе belkagomel.by.
Жыхар Гомеля ў бальніцы атрымліваў замяшчальную тэрапію, пакутуючы ад залежнасці. На вачах у лекара мужчына прымаў прэпарат. Аднак ён толькі рабіў выгляд, што праглынае таблетку, хаваючы яе ў роце. Выходзячы з медыцынскай установы, гамяльчанін выплёўваў таблетку і перадаваў яе пастаяннаму кліенту.
Супрацоўнікі міліцыі злавілі мужчыну на гарачым, калі ён чарговы раз правярнуў прыдуманую ім схему.
Старшы следчы Гомельскага гарадскога аддзела Следчага камітэта Вадзім Высоцкі звярнуў увагу на прэпарат, які павінен быў прымаць абвінавачаны. Гаворка пра асабліва небяспечны наркатычны сродак, дазволены да кантраляванага звароту.
Высоцкі ўдакладніў, што раней гамяльчанін ужо прыцягваўся за незаконны зварот наркотыкаў:
— На гэты раз яго прысудзілі да 11 гадоў пазбаўлення волі, і ён будзе адбываць пакаранне ў выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У медыцынскай установе, дзе здарыўся інцыдэнт, правялі праверкі. Дысцыплінарныя і матэрыяльныя спагнанні атрымалі асобы, якія дапусцілі вынас таблетак.