Расія як прасіцель
1- Канстанцін Эгерт
- 18.04.2026, 22:30
- 3,000
Пра такую радасць не снілася ні імператарам, ні Мао Цзэдуну.
Сі Цзіньпін не будзе асабіста раіцца і каардынаваць пазіцыі з Уладзімірам Пуціным перад сваёй сустрэчай з Дональдам Трампам. Як чакаецца, амерыканскі прэзідэнт наведае Кітай 14–15 мая, а, паводле папярэдніх звестак, расійскі дыктатар прыедзе туды ж на тыдні, які пачнецца 18 мая.
Узаемныя прэтэнзіі Вашынгтона і Пекіна
Прэзідэнт ЗША прыбудзе ў Кітай як праціўнік, але праціўнік паважаны. Кіраўнік эканамічнай звышдзяржавы нумар адзін наведае эканамічную звышдзяржаву нумар два. Аб'ём гандлю паміж дзвюма краінамі — амаль 600 мільярдаў долараў. Амаль усё гэта — прамысловая прадукцыя рознай ступені тэхналагічнай складанасці.
Трамп прыедзе гаварыць з Сі перадусім пра недапушчэнне гандлёвых і тарыфных войнаў паміж дзвюма краінамі і пра спыненне падтрымкі іранскага рэжыму з боку Пекіна. Для кітайскага лідара найважнейшай будзе тэма спынення амерыкана-ізраільскай вайны супраць Ірана, стабілізацыі Блізкага Усходу і аднаўлення паставак энергарэсурсаў з рэгіёна. Бо кітайская эканоміка вельмі моцна залежыць менавіта ад блізкаўсходняй нафты.
Відавочна, што вялікага даверу паміж Сі і Трампам няма, і наўрад ці ён з'явіцца. Але гэтак жа відавочна, што для кітайскай вярхушкі не існуе іншага варыянту, як чарговы раз за апошняе паўстагоддзя дамаўляцца з амерыканцамі — і з эканамічных, і з ваенна-стратэгічных прычын. Нягледзячы на ўзаемазалежнасць дзвюх эканомік, Кітай і ў фінансава-эканамічным, і ў ваенна-стратэгічным дачыненні аб'ектыўна слабейшы за Амерыку.
Нераўнапраўны дыялог Сі і Пуціна
У год 25-годдзя дагавора аб добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве паміж РФ і КНР маскоўская і пекінская прапаганда трубяць пра «чвэрць стагоддзя». Кантакты двух дыктатараў сапраўды беспрэцэдэнтна частыя.
З моманту абрання Сі Цзіньпіна ў 2013 годзе старшынём Кітайскай Народнай Рэспублікі ён наведаў Расію 11 разоў. Пуцін за гэты час пабываў у Кітаі 13 разоў. Для абодвух палітыкаў гэтыя паездкі ўключалі як чыста двухбаковыя візіты (падчас якіх, як правіла, і вырашаюцца галоўныя пытанні), так і ўдзел у самітах (напрыклад, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва) і пратакольных мерапрыемствах, звязаных з рознымі гадавінамі Другой сусветнай вайны.
Зразумела, нават кароткія сустрэчы тэт-а-тэт заўсёды важныя. Аднак важна разумець, што гэта сустрэчы нераўнапраўных партнёраў. Асабліва пасля 24 лютага 2022 года — дня пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны. Менавіта тады Пуцін свядома паставіў Расію ў залежнасць ад Кітая, каб забяспечыць стабільнае фінансаванне вайны супраць суседняй краіны.
Расійска-кітайскі тавараабарот за мінулы год склаў каля 230 мільярдаў долараў, пры гэтым узаемны экспарт і імпарт дзяліцца прыблізна напалам. Але, як кажуць, ёсць нюанс: у Кітай з Расіі вывозіцца сыравіна, перадусім нафта, а ўвозяцца аўтамабілі, бытавая тэхніка, камп'ютары і сродкі сувязі. Пры гэтым зніжкі на расійскую нафту даходзілі да 30, а то і да 40 працэнтаў.
У дадатак Кітай сёння — адзін з галоўных для Расіі каналаў атрымання прадукцыі падвойнага прызначэння, якая знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі. Аб'ём яе паставак ацэньваецца незалежнымі заходнімі экспертамі ў чатыры мільярды долараў. Не будзе перабольшаннем сказаць, што без дапамогі КНР Расія проста не змагла б ваяваць супраць Украіны.
Памылка Трампа і яго каманды
Перыядычна ўзнікаючыя ў адміністрацыі Трампа надзеі «адарваць» Расію ад Кітая коштам саступак Пуціну па Украіне абсалютна беспадстаўныя. Яны сведчаць пра непаразуменне палітычных мэтаў і псіхалогіі як расійскага, так і кітайскага рэжымаў.
Мэта Пуціна — або ўстанавіць у Кіеве марыянетачны рэжым (хаця, думаю, нават ён сёння разумее немагчымасць такога выніку), або знішчыць украінскую дзяржаву праз працяглую вайну на знясіленне. Нават самыя цынічныя прыхільнікі «рэальнай палітыкі» ў Вашынгтоне такога падарунка Крамлю не зробяць. Ды і не змаглі б, нават калі б і захацелі. А Пуцін на меншае не згодны і яскрава гэта прадэманстраваў за апошні год. Нягледзячы на ўсе намаганні Трампа ўцягнуць яго хаця б у нейкі «мірны працэс», Крэмль адмаўляецца сур'ёзна абмяркоўваць з прадстаўнікамі ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага што-небудзь, акрамя прыніжальных аднабаковых саступак, роўназначных капітуляцыі. У гэтых умовах без дапамогі Кітая Пуціну ніяк не абысціся.
Сі Цзіньпін гэта разумее. Яму патрэбная як мага даўжэй залежная ад Кітая Расія. Калі яна прайграе вайну, нельга выключаць варыянт падзення рэжыму Пуціна і прыходу да ўлады людзей, гатовых пайсці на нармалізацыю адносін з ЗША і Еўропай. У такіх умовах гатоўнасць Масквы прыкметна дыстанцыявацца ад Пекіна як частка платы, напрыклад, за зняцце санкцый і вяртанне ў «вялікую сямёрку», — цалкам рэальны варыянт развіцця падзей. І ён цалкам не задавальняе кітайскае палітбюро.
Аднак і рашальная перамога Расіі над Украінай Пекін таксама не задавальняе. Па-першае, гэта надасць упэўненасці Крамлю. А па-другое, праз пэўны час частка заходняй эліты можа вырашыць, што давядзецца прымаць Расію такой, якая яна ёсць, і пачне паступова аднаўляць адносіны з расійскім рэжымам. У такім выпадку Масква можа істотна змяніць танальнасць зносін з Кітаем, прычым не ў лепшы для яго бок.
Так што цяперашняя сітуацыя зацяжной вайны кітайскую вярхушку цалкам задавальняе. Расія як прасіцель і малодшы партнёр Кітая — такая радасць не снілася ні імператарам, ні Мао Цзэдуну.
Таму Сі Цзіньпін, вядома, праінфармуе Пуціна пра свае размовы з Трампам. Але не больш за тое.
Канстанцін Эгерт, «Нямецкая хваля».